“Бог дасць дзень, Бог дасць песню!” (дададзена аўдыё)

| Без катэгорыі

Апроч шыкоўных духоўных і патрыятычных спеваў прагучала багата віншаванняў ад калегаў і гасцей.

 

Народны калектыў ужо па традыцыі прымаў гасцей у лютэранскай кірсе, дзе гэтым разам не засталося аніводнага вольнага месца – нават хоры былі запоўненыя слухачамі.

 

 


“Цар Сапраўдны” у выкананні хора “Бацькаўшчына” by twojstyl


Падтрымаць “Бацькаўшчыну” сваімі спевамі вырашылі і іншыя харавыя калектывы: “Зарачанскія крынічкі”, ”Glos znad Niemna”, хор хлапцоў “Светач” (СШ №3).

 

Мужчынская частка “Бацькаўшчыны” далучылася да юнакоў са “Светачы” падчас спявання “Пагоні”, якое было аздоблена адмысловым суправаджэннем на ўдарных – пасля бурных воплескаў апошні куплет давялося выканаць і другі раз.

Шчымліва гучала легендарная “Ціхая ноч”, якую ўсе калектывы выканалі разам, спалучыўшы ў імправізацыі беларускую, польскую і нямецкую мовы.

>

Стоячы зал праслухаў нацыянальны і духоўны гімн “Магутны Божа” напрыканцы імпрэзы.

 

Багата знайшлося ахвотных павіншаваць з юбілеем хор і асабіста ягоную заўзятую кіраўнічку Веру Кунцэвіч.

 

Яўген Петрашэвіч (на здымку ўверсе), аўтар словаў і музыкі для шматлікіх кампазіцыяў “Бацькаўшчыны”, зачытаў напісаны з нагоды юбілею калектыва верш, кіраўнічка хору “Чырвоныя макі” з Менску праспявала адмысловае сола, Аляксандар Мілінкевіч (на здымку ніжэй), які таксама прысутнічаў на імпрэзе, нават прызнаўся Веры Васільеўне ў каханні!

 

Да віншаванняў далучыліся таксама а. Андрэй, святар уніяцкай царквы (на здымку ніжэй), кіраўнік ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік, прадстаўнікі “Універсітэту Залатога Веку”, якія адзінагалосна прызналі Веру Васільеўну “душой універсітэту”.

 

Пастар кірхі напрыканцы ўручыў кіраўнічцы хору карціну з выявай храму, які ўжо не першы раз дае прытулак хору падчас выступаў.

Адказаць на некаторыя нашыя пытанні мы папрасілі саму Веру Кунцэвіч.

 

– Што для Вас хор “Бацькаўшчына”?

 

– Хор – гэта маё дзіця ў поўным сэнсе слова: я яго нарадзіла, гадавала, песціла, я яго люблю і ім ганаруся, жыву ім. Хор – гэта частка майго жыцця як у матулі, таму я радая, што дзіцятка жыве і квітнее, што яго любяць слухачы, што мы маем сваю публіку і вельмі адданую – гэта мяне, безумоўна цешыць!

 

– Што дапамагала на працяг 20-і год? Бывалі ж, пэўна, і цяжкія часы?

 

– Бывалі за гэты час, канешне і цяжкасці, але гэта як роды: калі ўнутры ёсць, дык трэба нарадзіць. У мяне ёсць талент, дадзены Богам, і я не мушу яго закапаць, я люблю гэтую справу. Ад гэтых шэрых будняў хаваешся ў цеплыні чалавечых сэрцаў, галасоў і вось такі маленькі аазіс у нас ёсць, каб мацаваць адно аднога, набірацца сілаў, каб жыць і радавацца таму, што маем.

 

– На Вашую думку, ці ёсць у хору будучыня?

 

– Сёння задавалі гэта правакацыйнае пытанне ўжо неаднойчы (смяецца). Я вам шчыра хачу сказаць, што сапраўды я вельмі стамілася і, канешне, калісці будзе такі канец…

 

Зараз я дам канікулы, бо страчана шмат сілаў, у мяне самой шмат асабітых справаў, якія маю скончыць, а “Бацькаўшчына” пакуль адпачне. …Бог дасць дзень, Бог дасць песню, будзем так казаць.

 

Увесь час я не буду кіраваць, канешне, таму хацелася б аддаць у добрыя рукі, а Божанька пашле мне пераемніка, пакуль жа буду дапамагаць, каб маё дзіцятка жыло.

 

Сваімі ўражаннямі падзяліўся таксама Кастусь Жынь (на здымку), сябар хору з 1992 г.:

– Хор – гэта мая радасць і мая мука. Радасць таму, што мы спяваем беларускую нацыянальную духоўную музыку, а мука таму, што да гэтага трэба вельмі цяжка ісці і шмат працаваць. Думаю, што хор будзе расці, будуць з’яўляцца новыя кіраўнікі, таму ён будзе жыць – як будзе жыць наша мова, культура, наш беларускі народ. Жыве Беларусь!

 

Пацікавіліся мы і ў маладога пакалення датычна будучыні традыцыйнай духоўнай музыкі і ўражанняў ад канцэрту:

 

– Я першы раз на канцэрце хора“Бацькаўшчына”, – распавядае 19-гадовая Станіслава (на здымку), – мне вельмі спадабалася, вельмі прыгожая музыка, галасы. Лічу, што файна чуць беларускую музыку, чуць тое, што табе цікава.

Ці ёсць у хору і падобнай музыкі будучыня? Думаю, што так, бо якую б я музыку не любіла – я заўжды буду імкнуцца наведваць такія канцэрты. Хай гэта кансерватыўна, але гэта ёсць, гэта наша спадчына і ад гэтага нікуды не падзенешся.

 

Спевы ў выканні хора “Бацькаўшчына”

 


Трапар “Нараджэнне Тваё” ў выкананні хора “Бацькаўшчына” by twojstyl

Фота Надзеі Крапівінай