Ці дзеля вырашэння праблемы патрэбная трагедыя?
Трывожнае паведамленне бацькі з’явілася ў адной з сацыяльных сетак у сярэдзіне студзеня.
“А вы бачылі дзіцячы інфекцыйны шпіталь? Не? Паглядзіце! Рамонту не было з часоў вайны! Вокны гнілыя, холад, скразнякі. Койкі тых жа часоў! Затое ў адміністратыўным будынку еўрарамонт! Усё лепшае дзецям!”- напісаў абураны мужчына.
Свае словы ён падмацаваў шэрагам фотаздымкаў, на якіх добра відаць, што будынак шпіталя сапраўды знаходзіцца ў аварыйным стане: пагніўшыя вокны з аблезлай фарбай, даўно не рамантаваны ганак.
Унутры карціна атрымалася таксама не вельмі вясёлая: абшарпаныя сцены, цвіль на столі, старыя жалезныя койкі з сеткай.
alt=”Image 18904″ >
Дарэчы прыкладна так выглядае і неўралагічнае аддзяленне.
Карэспандэнт “Твайго стылю” пагутарыў з узрушаным бацькам. Па словах мужчыны, калі ў ягонага пяцімесячнага сына, што ляжаў з запаленнем лёгкіх, пачаліся праблемы са страўнікам, яго перавялі ў інфекцыйнае аддзяленне.
– Гэта быў шок! Скразнякі, цвіль. Сына адразу паклалі каля самага вакна. І па правілах аддзялення, яму нельга было перадаць нават коўдру! Адзінае што там добрае – гэта ўрачы, – распавёў мой суразмоўца.
Нажаль, кіраўніцтва лякарні адмовілася каментаваць праблему. Але мы можам нагадаць, што менавіта за парушэнне санітарных нормаў і неналежны санітарны і тэхнічны стан будынкаў у снежні мінулага года быў зняты с пасады галоўны ўрач лідскай лякарні.
Гэта адбылося пасля таго як пацярпеў чалавек. Няўжо, каб вырашыць праблему, – трэба чакаць трагедыі?
Здымкі Івана Міронава