ДАІ: “Летняя гума” на задняй восі прывяла да гібелі чалавека

|

Здарэнне адбылося ў снегапад.
64-гадовы кіроўца “Мазды” не ўтрымаў машыну, якую развярнула бокам, вынесла на паласу сустрэчнага руху, дзе яна заскочыла пад “МАЗ”, што перавозіў  пясок, піша gaigrodno.by.
Удар прыйшоўся ў пярэднія пасажырскія дзверы. На гэтым месцы ехала  59-гадовая жонка кіроўцы.
Абодвух з шматлікімі траўмамі даставілі ў шпіталь, дзе жанчына памерла.
На задніх колах “Мазды” была летняя гума.

Гарадзенская ДАІ неаднаразова звяртала ўвагу кіроўцаў  на мэтазгоднасць  замены сезоннай гумы, але патрабаваць гэтага не мае законнага права, хоць часам зімовая гума можа ўратаваць жыццё тых, хто ў аўтамабілі.
Тым не менш, у  зімовы перыяд  пры накладанні адміністрацыйнай адказнасці (гэта можа быць пазбаўленне права кіравання ці проста штраф) на віноўніка ДТЗ, улічваецца, якая гума была на яго машыне. Ад гэтага залежыць велічыня штрафу ці тэрмін пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам.

Паводле статыстыкі Гарадзенскай ДАІ, з пачатку года ў вобласці здарылася 31 аварыя, у якіх загінулі  4 чалавекі: пешаходы і ахвяры лабавых сутыкненняў.
У аналагічны перыяд мінулага году было зарэгістравана 28 аварый, загінулі 8 чалавек.

Здымак з сайта http://gaigrodno.by