У Слоніме з’явілася структура АГП

|

У Слоніме з’явілася структура Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пра цяжкасці існавання і праблемы рэгістрацыі распавядае кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юрый Істомін:


-“У мінулую прэзідэнцкую кампанію за нашага кандыдата Яраслава Раманчука было сабрана шмат подпісаў, і далейшая супраца з прыхільнікамі і сябрамі партыі прывяла да таго, што там стварылася суполка. Зараз яна будзе ставіцца на ўлік у палітрадзе партыі. Гэта першы этап.
Па – другое,  будуць пададзеныя дакументы на рэгістрацыю ва ўпраўленні юстыцыі гарадзенскага аблвыканкама. Ужо адбылося афіцыйнае паседжанне, абраны кіраўнік.
У нас быў фактычна год, людзі з розных арганізацый, розных каштоўнасцей, розных поглядаў думалі, ці рабіць там АГП. Яны самі вырашылі.  Я прысутнічаў на гэтым паседжанні і бачыў гэтых людзей”.

 

Юры Істомін спадзяецца на тое, што ў суполкі  вялікая перспектыва: “ Там фактычна адны маладыя людзі. На дадзены момант у нас ёсць арганізацыі ў Ваўкавыску, ёсць арганізацыя ў Лідзе, у Астраўцы, у Смаргоні.
Яны па рознаму працуюць. У арганізацыі ў Астраўцы ёсць свая тэма – АЭС, якой яны займаюцца. У нас ёсць праблема з фінансаваннем рэгіянальных структур, офісаў, якія мы павінны ўтрымліваць паводле заканадаўства. Праблемы больш фінансавыя.

Што тычыцца ініцыятыў, мы заўсёды падтрымліваем рэгіянальныя структуры, але не заўсёды мы можам даць ім магчымасць зрабіць тое, што яны хочуць”.

 

Адносна  будучых выбараў Юрый Істомін кажа : “Зараз у нас справаздачна – выбарчы перыяд , і адно з пытанняў, якое мы будзем разглядаць на сходах – пытанне ўдзелу ў выбарах, у якім фармаце мы пойдзем на выбары.

Як паказаў сход суполкі  ў Слоніме,  людзі схіляюцца да байкоту, таму што яны не вераць у тое выбарчае заканадаўства якое ёсць, не вераць у ЦВК, не вераць у тое, што будзе празрысты выбарчы працэс.
Я думаю, што лепшым выйсцем у сённяшняй сітуацыі быў бы актыўны байкот з распаўсюдам інфармацыі пра тое, што гэтыя выбары ўвогуле – не выбары.”