Вынесены прысуд таксісту, які збіў траіх студэнтаў у Гродне

Сёння, як паведамляе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, суд вынес прысуд кіроўцу — 5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама дадатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення правоў на пяць гадоў.

 

Пад машыну патрапілі студэнты, што навучаюцца ў адной з польскіх ВНУ. Яны прыехалі дадому ў Гродна літаральна за адну гадзіну да здарэння.

 

Адна з дзяўчат па шчаслівай выпадковасці змагла адскочыць — яе закранула па датычнай. Шпіталізацыя не спатрэбілася. Хлопца ад удару ў левую стойку аўтамабіля адкінула на паласу сустрэчнага руху. Другая дзяўчына пасля сутыкнення ўпала на капот і праехала такім чынам больш за 15 метраў. У дзяўчыны быў пералом абедзвюх касцей правай галёнкі, закрытая чэрапна-мазгавая траўма; у хлопца яшчэ больш сур’ёзныя траўмы — удар галаўнога мозгу, пералом сцягна, адкрыты пералом абедзвюх касцей галёнкі, палітраўма. Ён прыйшоў у прытомнасць на чацвёртыя суткі.

 

На суд маладыя людзі прыйшлі на мыліцах. Яны да гэтага часу праходзяць курс лячэння.

 

Суд Ленінскага раёна горада Гродна прызначыў кіроўцу пакаранне ў выглядзе пяці гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і пазбаўлення правоў на пяць гадоў. Вінаваты на працягу месяца павінен аплаціць лячэнне пацярпелых. Таксама ў іх карысць спагнана па 11 мільёнаў рублёў за нанясенне маральнай шкоды.