З пачатку года ў Гарадзенскай вобласці на пажарах загінуў 21 чалавек

|

У супрацьпажарных мерапрыемствах задзейнічаны ўвесь асабовы склад Гродзенскага абласнога упраўлення МНС, сацыяльныя службы, супрацоўнікі райвыканкамаў і нават святары.

 

Як паведаміла “Твайму стылю” прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Жывалеўская, за студзень у вобласці адбылося 72 пажара, у вагні загінуў 21 чалавек, 9 атрымалі сур’ёзныя траўмы, 8 выратаваныя супрацоўнікамі ўпраўлення МНС.  У чатырох выпадках адначасова гінулі па 2 і нават 3 чалавекі.

У студзені 2010 года на 75 пажарах загінулі 17 жыхароў вобласці, чацьвёра выратаваныя.

Асноўныя прычыны пажараў – неасцярожнае паленне (толькі ў мінулыя выходныя з-за яго загінулі 5 чалавек) і перакал печаў.

Паводле правіл супрацьпажарнай бяспекі паліць у печы можна не даўжэй за 1,5 гадзіны, інакш павялічваецца шанец з’яўлення трэшчын і расколаў, праз якія ў жылыя памяшканні можа пранікаць смяротны ўгарны газ, альбо іскры.

Гэтае правіла асабліва актуальнае ў цяперашнія маразы, калі печы эксплуатуюцца больш інтэнсіўна. У такіх выпадках спецыялісты раяць паліць у печы 2-3 разы на дзень.

 

Вялікую заклапочанасць выратавальнікаў выклікаюць самаробныя абагравальнікі і абагравальныя прыборы, пакінутыя без нагляду.

У маразы можа не вытрымаць і электрычная праводка. У ноч на панядзелак магчыма па гэтай прычыне здарыўся пажар у Парэччы, на якім 93-гадовую жанчыну і яе сына выратаваў сусед, дапамогшы выбрацца з кватэры.

Каб папярэдзіць пажары і гібель людзей у вагні, інспектары Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС з 30 студзеня да 29 лютага правядуць абследаванне жылога сектара. Гродзенскія выратавальнікі заклікаюць усіх быць пільнымі.

 

Часта выратаваць людзей і маёмасць дапамагаюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
Іх можна набыць у гаспадарчай краме і ўсталяваць самастойна.
Па ініцыятыве абласнога ўпраўлення МНС  шматдзетным сем’ям апавяшчальнікі не толькі ўсталёўваюцца бясплатна, але іх гукавы і светлавы сігналы мантуюцца звонку, выводзяцца на фасад будынка.

 

Наталля Жывалеўская прыгадала выпадак у Жыровічах, калі сігнал ізвяшчальніка, усталяванага дома ў адной з шматдзетных сямей, ідзе адразу на 8 тэлефонных нумароў.

 

Здымак з сайта http://serovglobus.ru