Табачная фабрыка “Нёман” за год пералічыла ў бюджэт 661,8 млрд. рублёў
Паводле намесніка генеральнага дырэктара прадпрыемства Дзмітрыя Чугая, у параўнанні з 2010 годам прадпрыемства павялічыла экспарт прадукцыі ў 2,4 разы. Фабрыка экспартавала 252 мільёны цыгарэт, што склала 243% да леташняга ўзроўню.
Экспарт дасягнуў 2,4 мільёна даляраў (227% да 2010 года).
Асноўнымі рынкамі збыту прадпрыемства за мяжой былі Літва і Абхазія.
Калі б не прыярытэтная задача задаволіць унутраны попыт, паказчыкі экспарта прадпрыемства былі б яшчэ вышэй.
Калі 5 гадоў таму доля табачнага імпарту ў Беларусь складала 19%, то сёння яна трымаецца ў межах 2%.
Усяго ў 2011 годзе аб’ём вытворчасці прадукцыі Гродзенскай табачнай фабрыкі склаў 23,4 мільярды цыгарэт, альбо 133,7% да папярэдняга года.
Аб’ём рэалізацыі ўласных марак павялічыўся на 37,8% і склаў 17,9 мільярдаў штук.
За мінулы год фабрыка пералічыла ў бюджэт падаткаў, збораў і іншых плацяжоў на 661,8 мільярдаў рублёў (184, 7% да паказчыкаў 2010 года).
Прадпрыемства прыцягнула 112,6 мільярдаў беларускіх рублёў інвестыцый у асноўны капітал (161,5% да 2010 года).
На сёння завяршаецца наладка абсталявання, набытага ў нямецкай кампаніі Riedel.
У гэтым годзе “Нёман” плануе набыць яшчэ адну новую лінію фармата
Compact King Size нямецкіх вытворцаў HAUNI-FOCKE.
Сёлета квота на вытворчасць цыгарэт для Гродзенскай фабрыкі павялічана яшчэ на 840 мільёнаў і складае 24 мільярды.
“Нёман” – найбуйнейшы вытворца табачных вырабаў у Беларусі. На прадпрыемстве, заснаваным у 1861 годзе, працуе больш за тысячу чалавек.
Здымак з сайта http://udf.by