Турэк, падобны на Скідаль, і Каліш – горад трубаў

| Без катэгорыі

Тым, хто збіраецца ў падарожжа па Польшчы адразу раю зрабіць наступнае – у Кузніцы набываць квіток на ўвесь шлях. У нашым выпадку квіток на цягнік мы набывалі да горада Конін, бо далей можна было даехаць толькі аўтобусам. На дваих квіток да «сэрца» (сярэдзіны) Польшчы каштаваў каля 120 злотых, што па курсе на той момант складала прыкладна 35 даляраў. Квіток на аўтобусе да Турека нам абыйшоўся яшчэ па 13 злотых на кожнага.

Маленькі гарадок Турэк, у якім нам давялося пражыць амаль тыдзень, нечым падобны на гарадзенскі Скідаль. Ціхенькія вулічкі і маленькі рынак, цэнтральная плошча ўпрыгожана ратушай. Горад вядомы тым, што з’яўляецца другім у Польшчы месцам, дзе здабываюць буры вугаль, а калісьці тут быў цэнтр польскага ткацтва.

Некалькі дзён нам давялося пажыць у гатэльчыку для працоўных, дзе ўмовы пражывання нагадвалі пражыванне ў працоўных інтэрнатах Беларусі. Гэтэль «Моніка» знаходзіўся каля самога аўтавакзала, які «ахоўвае» скульптура святога Крыштофа – для палякаў ён з’ўляецца ахоўнікам і патронам кіроўцаў і польскіх дарогаў…

 

Тры дні ў Турэку, і мы накіроўваемся ў адзін з самых старых польскіх гарадоў – Каліш. Веліч старажытнай архітэктыры, розныя стылі і прыгожыя будынкі ўразілі сваёй прыгажосцю. Цэгла муроў адноўленых сцен старажытнага замчышча нагадвае пра былую веліч.

Дрэвы старога парку прывялі нас да невялікага старажытнага палаца, які, як высветлілася, зараз з’яўляецца гарадской турмой. Між сабой мы называлі Каліш «горадам трубаў»: трубы кацэльных, нейкіх невялічкіх прадпрыемстваў, альбо гарадскіх печаў сустракалі нас на кожным кроку.

Увогуле у гэтых гарадках большасць памяшканняў ацяпляецца камінамі і печамі, што вельмі здзівіла. А вось на галоўны касцёл Каліша мы выйшлі вельмі выпадкова – здалёк убычылі яго гатычны шпіль, аднак ніяк не маглі да яго прайсці. І толькі добра паблукаўшы па цэнтру мы рашце трапілі да яго сценаў.

Таксама выпадкова, як бадзяжныя турысты, дайшлі мы і да самай старой у Польшчы фабрыкі, што з канца 19-га стагоддзя да сённяшняга часу робіць у Калішы фартэпьяны. А кавярні Каліша здзівілі сваёй арыгінальнасцю: мексіканскі стыль, альбо стылізаваныя лямпы, зробленыя з бутэлек.

>

Нашае невялічкае падарожжа па Польшчы адбылося дзякуючы Fundację Institutum Orientalium

 

Чытайце таксама пра іншыя падарожжы аўтараў “Твайго стылю” з дапамогай нашай Мапы падарожжаў! Для гэтага дастаткова націснуць на любую пазначаную на ёй кропку і перайсці па спасылцы на патрэбны вам артыкул! 


Глядзіце Мапу падарожжаў “Твайго стылю” ў большым памеры