Кінатэатры Гродна летась наведалі больш за 850 тысяч гледачоў
Хіт кінасезону – “Піраты Карыбскага мора: На дзіўных берагах”. За прыгодамі Джэка Вераб’я і ягонай каханай назіралі каля 45 тысяч гарадзенцаў. Крыху менш – 41 тысяча – паглядзелі трэцюю частку франшызы “Трансформеры”.
Фільмы “Гары Потэр і Дары смерці: частка 2” і “Змярканне. Сага. Світанак: частка 1” паглядзелі каля 30 тысяч гледачоў кожны.
Касавымі аказаліся карціны “Елкі-2”, “Санктум”, “Вайна Багоў: Бяссмертныя”, “Фарсаж-5” і “Мушкецёры”. Сярод анімацыйных стужак найбольшай папулярнасцю карысталіся “Кот у ботах” і “Кунг-фу Панда-2”.
Усяго ў Гродне ў 2011 годзе было паказана 107 кінанавінак. У большасці гэта былі стужкі амерыканскіх кінакампаній (60%). У роўнай колькасці дэманстраваліся работы еўрапейскіх і расійскіх кінематаграфістаў, прайшлі 2 беларускія кінапрэм’еры.
У гэтым годзе, калі не ў дні сусветных прэм’ер, то з невялікім спазненнем нас чакаюць працягі сіквелаў “Фарсаж”, “Людзі ў чорным”, “Абіцель зла”, “Змярканне” і іншых. У лютым гарадзенцы ўбачаць фільм “Фауст” Аляксандра Сакурава, які атрымаў “Залатога ільва” на Венецыянскім фестывалі.