Чэрві ў мясе, ці Прынцып браненосца «Пацёмкін»

 

– Як вы ацэньваеце сучасную сітуацыю ў прафсаюзнай сферы?

– У Мікашэвічах на Берасцейшчыне выйшла з афіцыйнага прафсаюзу каля 600 чалавек працаўнікоў «Граніту». Працаўнікі пачынаюць асэнсоўваць, што афіцыйныя прафсаюзы рэальнай дапамогі не даюць, поўнасцю зрасліся з адміністрацыяй. У свеце такія прафсаюзы наогул называюць «жоўтымі». Беларускія прафсаюзы, на мой погляд, пераўзышлі ўсе астатнія, таму я іх называю «канаркамі», спяваючымі ў клетцы, якую зачыняе ці адчыняе Адміністрацыя прэзідэнта. Не дарма гэтыя прафсаюзы ўзначальвае кіраўнік адміністрацыі…

 

Людзі не ведаюць сваіх правоў, а прафсаюзы нават не тлумачаць ім тыя лакальныя заканадаўчыя акты, прынятыя на мясцовым узроўні, якія б іх баранілі.

 

На кожным прадпрыемстве, у кожнай вялікай арганізацыі ёсць ідэалагічныя супрацоўнікі – гэта дакладныя прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта, у функцыі якіх ўваходзіць вывучэнне сітуацыі ў калектыве, адсочванне іншадумцаў, у тым ліку кантраль за працадаўцамі, якія сёння шмат у чым абураныя і незадаволеныя палітыкай ўраду і эканамічнымі працэсамі ў рэспубліцы. Працадаўцы таксама не маюць самастойнасці: няхай нашыя прадпрыемствы і называюцца «акцыянернымі таварыствамі», але доля дзяржавы там, як правіла, перавышае 90 адсоткаў, таму яны і выконваюць задачы, якія ставіць перад імі мясцовая адміністрацыя.

 

– Вы распявалі аб праблемах, але якія існуюць формы пратэсту?

– Форма пратэсту зараз мае быць адна: калі людзей не бароніць афіцыйны прафсаюз, яны маюць бараніць сябе самі, а рабіць гэта яны могуць толькі тады, калі ведаюць свае правы і Працоўны кодэкс. А ён у нас, дарэчы, далёка не горшы! Трэба наўпрост быць прынцыповым. Ёсць парушэнні – трэбы патрабаваць іх ліквідацыі: напрыклад, не аплочваюць прастой, ці выганяюць працаваць у халодных умовах…

>

Мітынг на пл. Леніна 1 траўня 2004 г., які падтрымаў Агульнанацыянальны Стачачны Камітэт (фота з сайту levonevski.net)

Калі прафсаюз не бароніць – трэба з яго выходзіць, самім аб’ядноўвацца ў арганізацыю – ствараць стачкамы ці працоўныя саюзы. На дадзены момант я б рэкамендаваў працаваць з незалежнымі прафсаюзамі. Сам я ўзначальваў завадскі стачкам на «Аўтаагрэгатах» у 1991 г., быў членам рэспубліканскага стачэчнага камітэту.

 

Трэба працаваць на выпярэджванне: магу сказаць, напрыклад, што ўсе, хто звяртаўся ў пракуратуру па парушэннях і па ціску адміністрацыі, дасягнулі свайго, бо пасля гэтага працадаўцы баяцца паўторна спрабаваць «тапіць» гэтага чалавека. І, канешне, трэба ўсё агалошваць. Ёсць факт – трэба зрабіць яго вядомым усімі мажлівымі метадамі: выходзіць на афіцыйную, незалежную прэсу. Галоўнае, каб інфармацыя прайшла.

 

– Канкрэтна па сучаснаму Гродна прыклады непадпарадкавання працоўных назіраюцца?

– Нават па майму прадпрыемству адзначу, што летам людзі павыходзілі з прафсаюзу цэлымі ўчасткамі, брыгадамі. На іх аказваўся ціск, усялякім падманам спрабавалі загнаць зваротна, не выплачвалі кампенсацыі за адпачынак і г.д. Людзі выходзяць з прафсаюзу паасобку, па два-тры чалавекі, аднак да сітуацыі з «Гранітам» ніхто гэтаму не надаваў значэння. Сёння, калі адбыўся масавы выхад, гэты працэс адназначна набыў палітычную афарбоўку.

 

Сітуацыя цяжкая ў тым плане, што на прадпрыемствах у асноўным працуюць пенсіянеры, якіх можна вывесці ў любы час, якія будуць працаваць за любыя грошы. Моладзь, якая прыйшла чамусці навучыцца, літаральна праз год зыходзіць. Перспектывы для таго, каб сёння быў сфармаваны моцны працоўны клас няма ніякай. Яшчэ адзін-два гады і ў нас не будзе спецыялістаў: не будзе станочнікаў, рэмонтнікаў, інжынераў-тэхнолагаў, канструктараў – нікога…

 

– Зыходзячы з сучаснай эканамічнай сітуацыі, мажліва з ментальнасці жыхароў нашага рэгіёну, усё ж такі – што мае адбыцца, каб людзі пайшлі на забастоўку?

– Пілюлі такой універсальнай няма… Я лепш распавяду, як у нас на «Аўтаагрэгатах» адбылася першая ў незалежнай Беларусі забастоўка працоўных у красавіку 1991 г. Прычынай было наўпрост хамскае стаўленне дырэктара. На хвалі перабудовы яму пачалі прапаноўваць змену формаў маёмасці, арэнду, а ён у грубай форме даў зразумець, што гаспадар павінен быць толькі адзін. Людзі выбухнулі, адчынілі браму, выйшлі на вуліцу Курчатава, перакрылі рух. Мне прыйшлося выступіць на мітынгу, бо людзі стаялі ўжо больш за гадзіну і збіраліся разыходзіцца, таму трэба было вылучыць канкрэтныя патрабаванні, зафіксаваць іх, стварыць стачкам. Тады гэта спрацавала: прыкладна ў восем гадзінаў вечару мне званіла другая змена, якая збіралася выходзіць на вуліцу і перакрываць рух, каб выказаць сваю салідарнасць.

 

У дадатак былі вылучаныя і палітычныя патрабаванні: прафсаюзнай пячаткай быў апячатаны парткам заводу ў траўні. А путч у СССР адбыўся толькі ў жніўні, таму можна рабіць высновы.

 

Я заўжды прыводжу наступны прыклад: ніхто не чакаў, што на браненосцы «Пацёмкін» людзі падымуцца з-за таго, што ў мясе апынуцца белыя чэрві. Таму і сёння людзі могуць з-за хамскіх адносінаў да сябе, з-за парушэння іх правоў ці правоў калегі па працы пайсці на пратэст. Гэта можа быць іскра.