Гродна зноў абяцаюць помнік Багдановічу

– Нажаль, помнік Максіму Багдановічу не атрымалася ўсталяваць у 2011 г. Спадзяюся, што ў гэтым годзе праект будзе рэалізаваны, а Міністэрства культуры гатовае аказаць фінансавую падтрымку, – перадае словы міністра «Гродзенская праўда», а таксама паведамляе, што помнік верагодна зойме месца ў парку Жылібера.

 

Нагадаем, што рашэнне аб ўсталяванні помніка Багдановічу да ягонага 100-гадовага юбілею было прынята ЦК КП Беларусі яшчэ ў 1990 г., аб чым таксама паведамляла «Гродзенская праўда». Тады архітэктурна-горадабудаўнічы савет разгледзеў ажно 15 варыянтаў размяшчэння манументу, сярод якіх вылучыў тры (прыведзеныя на фота з нумару ГП за 1990 г.).

>

У часы павальнай лібералізацыі намеснік галоўнага архітэктара Гродна Ўладзімір Анісімаў нават заклікаў гродзенцаў дасылаць свае меркаванні наконт аптымальнага месца для помніка на адрас Упраўлення архітэктуры. Апошнім разам ідэя аб ўсталяванні помніка прагучала з нагоды святкавання 120-годдзя з дня нараджэння паэта, да якога быў прымеркаваны шэраг урачыстых мерапрыемстваў па ўсёй краіне ў 2011 г.