Драбадзі-драбада: манатонны інтэрнацыянал

За мінулы музычны сезон-паўтара гурт Крамбамбуля паспеў амаль цалкам змяніць склад, распрацаваць новую канцэптуальную праграму, стаць крыху менш папсовым і нават трапіць у “чорны спіс”. Вынік гэтых прыгодаў – кружэлка “Драбадзі-драбада”.


Адзін з самых даўгачаканых альбомаў 2011 года не падвёў. Праграма, якую гарадзенцы маглі пачуць ужывую яшчэ мінулай вясной, гэта новая якасць для Крамбамбулі. Вольскі і кампанія пачалі граць завадны гітарны поп-панк з духавой секцыяй, а аўтарскія песні прамянялі на традыцыйныя спевы народаў Еўропы. Пры гэтым Вольскі, памаладзеўшы гадоў на дваццаць, выканаў проста тытанічную працу па перакладзе і адаптацыі тэкстаў на беларускую мову. Каб зусім ужо здзівіць слухачоў, усе песні былі запісаныя таксама на арыгінальных мовах, праз што альбом выйшаў ажно на двух дысках.

 

Сярод дванаццаці трэкаў ёсць песні з Беларусі, Польшчы, Літвы, Швецыі, Славаччыны, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Харватыі ды Ірландыі. Дарэчы, у канцы, падчас праслухоўвання ірландскай песні, крыху больш зразумелым робіцца паходжанне дзіўнаватай назвы альбома. З удалых песен варта згадаць беларускія: “Карчомка” (нейкі балкан-клезмер) ды “Кура-шчабятура”, ну і тую самую ірландскую “Whiskey in the jar”. Вызначыць штосці яшчэ даволі складана – альбом роўны, вытрыманы ў адной стылістыцы і слухаецца ад пачатку да канца як штосці цэлае.

 

На жаль, “Драбадзі-драбада” выйшла хутчэй канцэртнай праграмай, бо ў запісе гэтыя песні наўрадці хтосці будзе часта слухаць. Адсутнічаюць сапраўды моцныя хіты, адсутнічаюць песні якія наогул мела б сэнс зайграць на гітары ў коле сяброў, а гэта быў асноўны паказчык “народнасці” песен N.R.M. і старой Крамбамбулі. Не сакрэт, што ўсе праекты Вольскага – перадусім тэкставыя, а тут добрых і глыбокіх тэкстаў фактычна няма. Або пра каханне, або “пра пабухаць”, або пра ўсё разам. Народныя, адным словам, тэксты.

 

Пасля першых добрых уражанняў прыходзіць таксама разуменне, што праграма ў прынцыпе – манатонная з музычнага пункта гледжання. Музычных адкрыццяў тут проста няма, усё гэта ў розных прапорцыях было ўжо ў Zet, N.R.M. ці старой Крамбамбулі, хаця актуальны склад гурта – самадастатковыя і вартыя ўвагі прафесіяналы. Праз канцэртную арыентаванасць праграмы яшчэ больш шкада, што ў Беларусі паслухаць “Драбадзі-драбада” ужывую фактычна немагчыма.

 

У такой сітуацыі, аргументам за тым, каб прыдбаць сабе дыск, можа быць любоў да прыгожых рэчаў. Надзвычай удалай аказалася вокладка, якая стылістычна нагадвае афармленне “Пашпарта грамадзяніна N.R.M.” (хвілінка для настальгіі). Таму каробачка з дыскам павінна прыгожа выглядаць на паліцы.

 

Гурт: Крамбамбуля

Альбом: Драбадзі-драбада

Год: 2011

Гатунак: поп-панк

Прыватная ацэнка: 7/10