Новы галоўны рэжысёр распавёў пра планы гродзенскага драмтэатра
Рэжысёр супрацоўнічаў з шэрагам беларускіх тэатраў, некалькі спектакляў паставіў у Францыі. Прапанова заняць пасаду галоўнага рэжысёра гродзенскага тэатра прагучала для мастака нечакана:
– Шчыра скажу, што не было такой мары ці жадання прыехаць у Гродна і сесці ў галоўнае рэжысёрскае крэсла. Проста аднойчы мне пазванілі і спыталі, ці хацеў бы стаць галоўным рэжысёрам гродзенскага драмтэатра. Я асабліва не адсочваў дзейнасць гродзенскай трупы, апошнім часам гродзенскага тэатра не было чуваць на фестывалях, і я абсалютна не ведаў, якая тут сітуацыя. Але падумаў, што ў выніку мне гэтая прапанова была б цікавай. Я пагадзіўся і прыехаў, – распавёў Андрэй Гузій падчас прэс-канферэнцыі 10 лютага.
Андрэй Гузій навучаўся на акцёрскім курсе ў мінскім Інстытуце культуры разам з Сяргеем Курыленкам, які сёння працуе рэжысёрам і акторам у гродзенскім драмтэатры, а таксама з Аляксандрам Гарцуевым, рэжысёрам купалаўскага тэатра, які ў Гродна зрабіў дзве пастаноўкі – “Прымакі” і “Раскіданае гняздо”.
З чаго пачаў новы галоўны рэжысёр?
– Я запрасіў да сябе кожнага актора на індывідуальную размову, каб паразмаўляць аб праблемах, якія, на погляд актораў, з’яўляюцца асноўнымі для гродзенскага тэатра, – распавёў Андрэй Гузій. – Мне падаецца, праз гэтыя размовы я акрэсліў для сябе кола пытанняў, якія збольшага агучылі ўсе – праблемы рэжысуры, праблемы рэпертуара, занятасці. Зрэшты, такія праблемы ва ўсіх тэатрах. Па-другое, я зараз праглядаю ўсе спектаклі, каб зразумець, што тут адбываецца, якія высновы можна зрабіць. На іх аснове будзем прымаць рашэнне, як выбудоўваць працу далей.
На погляд Андрэя Гузія, у пастаноўках гродзенскага тэатра не хапае класікі. Гэты прабел рэжысёр плануе запоўніць творамі Шэкспіра, Чэхава, Караткевіча.
– Плануючы рэпертуар, мы думаем над тым, каб пастаноўкі былі цікавыя, з нашага погляду, гродзенскай публіцы. У тым сэнсе, каб гэта былі і сур’ёзныя спектаклі, і займальныя. Мы пастараемся публіку не толькі весяліць ці смяшыць, але і прымусіць задумацца. Самае галоўнае ў нашых планах – гэта добрая драматургія. Будзем старацца абнавіць рэпертуар.
Галоўны рэжысёр мае намеры запрашаць рабіць пастаноўкі ў Гродна новых рэжысёраў. Пакуль канкрэтных мастакоў Андрэй Гузій не назваў, але паабяцаў, што ў наступным тэатральным сезоне гродзенцы пачуюць новыя імёны.
Намеснік дырэктара гродзенскага драматычнага тэатра Аляксандр Габец распавёў, што у планах ёсць нават запрасіць рабіць пастаноўкі майстроў са Шведскай тэатральнай акадэміі:
– Я пазнаёміўся з маладым рэжысёрам са Швецыі, ён прыязджаў да нас на сустрэчы ў Гродна. У выніку гэты рэжысёр прапанаваў падпісаць дамову аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім абласным тэатрам і Шведскай тэатральнай акадэміяй у Мальмё. Літаральна 17-18 лютага шведы прыязджаюць у Гродна, і я спадзяюся, мы падпішам гэтую дамову. Супрацоўніцтва будзе заключацца ў тым, што рэжысёр, выпускнік Шведскай тэатральнай акадэміі раз на год будзе прыязджаць да нас і ставіць нейкі спектакль. Праект для нас цікавы тым, што гэта будзе зусім іншая тэатральная школа, з якой ні акторы, ні нашы гледачы яшчэ незнаёмыя. Гэта можа даць новы штуршок, новую планку да развіцця.
Літаральна праз некалькі дзён да Дня закаханых у гродзенскім тэатры адбудзецца прэм’ера – спектакль “…па французску – пра каханне!”. У сакавіку чакаецца чарговая прэм’ера – Сяргей Курыленка зараз працуе над пастаноўкай “Сымона-музыкі”.
Здымак з www.mogved.by