Новы Свет будуць прадаваць праз аўкцыён

|

Гродзенскі гарвыканкам склаў спіс 20 будынкаў, якія зараз не выкарыстоўваюцца. Інстытут “Гроднаграмадзянпраект” мае распрацаваць праекты іх прыстасавання пад офісы, кавярні, гатэлі ці іншыя аб’екты сферы паслуг.


У спіс трапіў і адзін з самых адметных будынкаў Новага Свету – дом №12 на вуліцы 17 верасня, пабудаваны ў стылі польскага мадэрна. Яго плануецца прадаць праз аўкцыён пасля стварэння праекта.

 

Як піша “Гродзенская праўда”, плануецца ўшчыльніць забудову раёна, знесці сараі, прыбудовы і дамы, якія не маюць высокай каштоўнасці, захаваўшы агульны выгляд раёна: нізкую вышыню дамоў, змяшанасць забудовы. Ушчыльненне звязана з рацыянальным выкарыстанне зямлі ў цэнтры горада.

Як адзначыў гісторык Андрэй Вашкевіч, Новы Свет сёння гэта адна з найбольш распрацаваных тэмаў у Гродне.

 

– Прыемна, што справа нарэшце дайшла да канкрэтных дзеянняў, гэта вялікае дасягненне. Хацелася б яшчэ, каб абмеркаванне лёсу Новага Свету мела публічны фармат. Наш праект агульнадаступны ў інтэрнеце, у 5 выпуску альманаха Горад Святога Губерта, а праект “Гроднаграмадзянпраекта” – непублічны. Таму прыемна было б, каб нас паклікалі да абмеркавання, калі ўжо прыслухаліся да працы, якую мы робім апошнія шэсць год. Інакш застаецца пагроза, што ад Новага Свету застануцца “рожкі ды ножкі”.

 

Працу краязнаўцы Ігара Лапехі па захаванні Новага Свету ў “Гродзенскай праўдзе” згадалі добрым словам, аднак па каментар да яго не звярнуліся.

 

– Сапраўды, на паседжанне працоўнай групы пры гарвыканкаме не запрасілі ніводнага прадстаўніка грамадскасці. А ў нас ёсць канкрэтныя прапановы, пачынаючы з таго, каб павесіць шыльды аб тым, што будынкі ўяўляюць сабой гістарычную каштоўнасць, сканчаючы канкрэтнымі ідэямі, як на Новым Свеце зарабляць грошы. Пакуль што далей за дэкларацыі справа не зрушылася, а фактычна ўсё змяняецца ў горшы бок: жыхары высяляюцца, будынкі без іх гібеюць, штосці перарабляецца саматужна, ўстаўляюцца шклапакеты. А што тычыцца планаў рэгенерацыі раёна, дык з артыкула ў “Гродзенскай праўдзе” я зразумеў, што сярод згаданых 20 будынкаў толькі адзін знаходзіцца ў Новым Свеце, дык пра што тады казаць, – пракаментаваў сітуацыю Ігар Лапеха.

 

Здымак harodnia.com