З бюджэту Саюзнай дзяржавы прафінансуюць чарговы ваенны фільм

Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы ўжо мае досвед у здымках мастацкага кіно ваеннай тэматыкі – у 2010 годзе выйшаў першы сумесны беларуска-расійскі фільм “Брэсцкая крэпасць”, прыняты гледачамі даволі прыхільна. Падрабязнасці новага фільма пакуль што невядомыя.

 

Запланаваны фільм – другі на тэму падзеяў пад Смаргонню. Першы пад назвай “Забыты фронт” быў зняты ў 2008 годзе ў серыі “Зваротны адлік”. Апавяданне ў фільме вядзецца ад імя маладога салдата, будучага савецкага пісьменніка Валянціна Катаева.

 

У фільме параўноўваецца гераічны горад Смаргонь з падобным французскім горадам Вердэнам. У абодвух месцах немцы выпрабоўвалі хімічную зброю. На Смаргоншчыне баі ў 1915-1917 гадах працягваліся 810 дзён, фронт затрымаўся надоўга і вайна мела пазіцыйны характар. Горад быў амаль цалкам знішчаны артылерыяй.

 

Газавыя атакі пад Смаргонню працягваліся каля 3-х месяцаў, калі кожную раніцу немцы выпускалі на расійскіх жаўнераў воблака атруты і стралялі па іх снарадамі з атрутай.

 

– Менавіта пад час адной з газавых атак быў атручаны штабс-капітан Міхаіл Зошчанка, будучы расійскі пісьменнік, – кажуць аўтары фільма.

 

Памяць аб падзеях вайны пад Смаргонню падтрымліваецца ў значна меншай ступені, чым пра аналагічныя падзеі ў Францыі, дзе ў Вердэне створаны музей. Сёння у памяць аб тых падзяех на Смаргоншчыне адбываюцца рэканструкцыі баёў.

 

Здымак Андрэя  Мялешкі