Гродзенская апазіцыя выказала свае намеры

Пад заявай пакінулі свае подпісы прадстаўнікі партыі БНФ, АГП, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», кампаніі «Гавары Праўду!», руху «За Свабоду», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», Беларускай партыі працы, партыі «Справядлівы Свет».

 

У сваёй заяве апазіцыянеры паведамілі пра: 1) арганізацыю кампаніі па як мага больш шырокаму вылучэнню актывістаў у выбарчыя камісіі; 2) неабходнасць сумесна каардынаваць працэдуру і тактыку вылучэння прадстаўнікоў у камісіі і назіральнікаў; 3) заклікалі усе арганізацыі далучыцца да арганізацыі кантролю за выбарчымі працэдурамі.

 

– Пасля мінулых выбараў і звязаных з імі падзеяў гарадзенскія арганізацыі дасягнулі крытычнага прынцыповага пагаднення аб каардынацыі высілкаў падчас выбарчай кампаніі, – адзначыў кіраўнік гарадской арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў. – Мы хацелі б падкрэсліць, што беларуская апазіцыя на Гарадзеншчыне здольная аб’ядноўвацца дзеля агульнай мэты.

 

align=”left” >– Усім дастаткова добра вядома, што ў Беларусі выбараў няма, але ёсць выбарчыя працэсы, у якіх апазіцыя апрыёры павінна ўдзельнічаць, – працягнуў каардынатар кампаніі «Гавары Праўду!» Зміцер Бандарчук. – Таму нас сёння ўвогуле не цікавіць у якой форме якая палітычная структура будзе ўдзельнічаць: байкот, удзел, удзел да самага апошняга дня выбараў. Нас цікавіць толькі пачатак кампаніі, а менавіта – вылучэнне нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Мы ўсе дамовіліся збірацца разам, каб ужо па выніках вылучэння нашых прадстаўнікоў прыняць асобнае рашэнне наконт ступені нашай далейшай супрацы.

 

– Магчыма асноўная мэта, якой мы дамагаліся б дасягнуць, гэта максімальна эфектыўна выкарыстаць тыя рэсурсы, якія ў нас ёсць у часе гэтай кампаніі. Маю на ўвазе, канешне, людзскія рэсурсы, іх патэнцыял, – дадаў кіраўнік Гарадзенскай Рады руху «За Свабоду» Сяргей Трафімчык. Напрыканцы В.Саранчукоў ад імя ўсіх прысутных запрасіў партыі і арганізацыі, нават калі яны будуць складацца з аднаго чалавека, далучацца да пагаднення і сумесна каардынаваць свае дзеянні.

Фота Надзеі Крапівінай