Калектыў Гродзенскага тэатра лялек занепакоены лёсам гістарычнага будынка тэатра

|

Яго працаўнікі напісалі ліст да міністра культуры, яны лічаць, што работы, якія пачаліся ў будынку, пагражаюць знішчэннем адметнасцяў помніка архітэктуры.

Калектыўны ліст на імя міністра культуры Паўла Латушкі першым падпісаў вядучы майстар сцэны Гарадзенскага лялечнага тэатру, актор Васіль Прабадзяк, копія даслана старшыні аблвыканкаму Сямёну Шапіру. Падпісанты сьцьвярджаюць, што ў лютым «асноўны будынак тэатру ўнутры разбураны практычна поўнасьцю».

Прабадзяк: «У тэатру галоўнае — глядзельная заля і акустыка. Нам была дадзена гісторыяй двухсотгадовая цудоўная заля. Але акустыку яны заб’юць у зьвязку з тым, што гэта паскарае працы і робіць іх таньнейшымі. Яны адназначна заб’юць яе гіпсакардонам. Рэч у тым, што нам нават на калектыўны ліст з подпісамі сарака чалавек ніякага адказу не далі».

Я пацікавіўся ў дырэктара лялечнага тэатру Аляксандра Ігнаценкі: што ў рэканструкцыі тэатральнага будынка на дадзены момант асабіста яго задавальняе, а што — непакоіць?

Ігнаценка: «Задавальняе ці не — нельга сказаць. Вось вы закінулі ў пральную машыну бялізну, і толькі тады зразумееце, калі вам выдадуць бялізну гатовую. Цяпер нічога не магу сказаць! Тэатар разбіраюць, пачалі дах здымаць. Няма такога: задавальняе, не задавальняе. У рамонце. Чалавек хварэе — ён лечыцца».

Працаўнікі тэатру лялек зазначаюць, што ініцыятыўная група наведала інстытут «Гроднаграмадзянпраект»:

«Высьветлілася, што праектна-каштарысная дакумэнтацыя не гатовая, а яе асобныя моманты зьяўляюцца грубым парушэньнем гістарычнай аўтэнтычнасьці будынка, што цягне за сабой страту ўнікальных асаблівасьцяў будынка і глядзельнай залі».

Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» стаіць насупраць тэатру. Паводле галоўнага інжынэра інстытуту Рышарда Кацынэля, «дакумэнтацыя ёсьць, у адпаведны момант дадаюцца неабходныя чарцяжы». Ён тлумачыць, што ўнутры збольшага ўсё будзе захавана так, як было перад рэканструкцыяй:

«Дакумэнтацыя ўзгодненая ў Міністэрстве культуры, атрыманы дазвол на выкананьне працы. Ніхто ж зь іх не прыйшоў і не запытаўся. І ня першы раз так робіцца. Новы паркет будзе, замест тынку — гіпсакардон вогнетрывалы. Усё ўбранства залі захаваецца, якое было. Былі заўвагі да акустыкі? Ня чуў я такога».

Рышард Кацынэль кажа, што будуць вернутыя некаторыя дэталі, напрыклад, вежачкі на фасадзе тэатру. Іх разбурылі ў 1940 годзе, калі савецкая ўлада першы раз правяла рэканструкцыю старой тэатральнай камяніцы, што была пабудаваная яшчэ за часамі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Калектыў Гарадзенскага лялечнага тэатру ў лісьце да міністра культуры просіць «прыпыніць працы дзеля таго, каб спэцыялісты-гісторыкі і ўласьнік будынка мелі магчымасьць удзелу ў распрацоўцы праекту аднаўленьня помніка архітэктуры бяз страты яго ўнікальных асаблівасьцяў».

На час рэканструкцыі трупа лялечнікаў арандуе малую сцэну ў Гарадзенскім драматычным тэатры.