КДБ чытае «Твой Стыль»
– Як цябе выклікалі?
– Па павестцы, але спачатку ў панядзелак быў званок каля 9-й раніцы, павестку ж прынеслі толькі а 9-й увечары. Прынёс, дарэчы, старэйшы лейтэнант, які працуе ўчастковым у раёне вуліцы Гарнавых, дзе жывуць мае бацькі. Здзівіла троху, што міліцыянты ўжо выконваюць функцыі паштальёнаў (смяецца).
– Як прайшла сама сустрэча?
– Выкліканы я быў на 11 раніцы, на ўваходзе ў мяне забралі мабільнік і пашпарт. Размова адбылася ўжо наверсе, у кабінеце супрацоўніка з прозвішчам Жукаў, якога я неаднаразова бачыў у горадзе. Пасведчання ён мне не паказваў.
– Пра што пыталіся?
– Размова тычылася маёй журналісцкай дзейнасці, у прыватнасці артыкулаў для сайту «Твой Стыль”. Спадар Жукаў папрасіў мяне не дапускаць ніякіх журналісцкіх памылак і прытрымлівацца законаў РБ, калі ж гэтага не адбудзецца, будуць «ужытыя меры». Размова доўжылася ўсяго хвілін 20-25. – Ты збіраешся спыняць сваю журналісцкую дзейнасць? – Не, я гэтым займаўся, займаюся і буду займацца.