«Гарадзенскі каларыт» мастакоў і аматараў
Творчы калектыў з вучэльні мастацтваў адкрываў выставу выкананнем беларускай музыкі на народных інструментах. У часе ўрачыстага адкрыцця выставы, дырэктар выставачнай залі Ірына Яўгенаўна Сільвановіч патлумачыла, што выстава стала штогодняй – для яе горад выдзяляе спецыяльнае месца. Яна лічыць, што такія выставы дапамагаюць моладзі не страціць свае карані.
Пра выставу распавяла Валянціна Вацлаваўна Цыганец – дырэктар гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці :
– Аб’яднанне злучае усіх народных майстроў горада, а іх зараз 187 чалавек. Экспазіцыя прадстаўляе 407 прац 82-х майстроў па ўсім накірункам: і кавальства, і графіка, і саломка, і бацік… Я вельмі радая, што нашае аб’яднанне расце, а сярод майстроў, прадстаўленых на выставе, адзінадцаць – сябры Саюза майстроў Рэспублікі Беларусь.
Карункавыя кавальскія вырабы
Трэба адзначыць, што тэхнікі выканання работ становяцца больш складанымі: на выставе мы бачым сумяшчэнне скуры і дрэва, саломкі і тканіны.
> |
|
Віктар Сапажэнкаў, адзін з майстроў, што займаецца разьбой па дрэву ўжо на працягу апошніх 30 год, распавёў пра свае мастацкія вырабы: «Гэта лыжкі, зробленыя мною ў адзіным асобніку. Яны лепшыя за тыя вырабы, што прывозяць нам з Украіны ці з Расіі. Яны не пафарбаваныя і на кожнай лыжцы можна ўбачыць структуру дрэва».
На выставу завіталі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу Літоўскай Рэспублікі і консульства Рэспублікі Польшча (фота на застаўцы). А 4 сакавіка на плошчы Савецкай плануецца арганізацыя ярмаркі-продажу, усе гарадзенцы будуць мець магчымасць пазнаёміцца з работамі майстроў і набыць спадабаўшыяся рэчы.
Фота Андрэя Мялешкі і Юлі Кашпаравай