Старажытныя Казюкі ў сучаснай Вільні

| Без катэгорыі

 

 

Гандаль, які разцягнуўся па галоўным вулкам літоўскае сталіцы і займаў хіба што не цэлы горад, сапраўды ўражваў. Неўзабаве мы апынуліся ў самым віру Kaziuko mugė, як называюць літоўцы кірмаш, які праводзіцца ў Вільні ў дзень памяці святога Казіміра – 4-га сакавіка ці бліжэйшыя выходныя.

На праспекце Гедыміна

Нагадаю, што Казюк, ці Казюкі, вядзе свае існаванне ажно з XVII стагоддзя. Спачатку такі гандаль меў больш утылітарны характар і быў месцам, дзе людзі маглі набыць сабе неабходныя прылады працы, аднак хутка да яго дадаліся розныя карнавальныя шэсці і забаўляльныя элементы. Зараз кірмаш трансфармаўся ў сучасную выставу-продаж вырабаў народнай творчасці і рознага хэндмэйду. Аднак не пазбавіўся тых жа прылад працы ды смачных вясковых кілбасаў і смажанай рыбы ад мясцовых фермераў.

Лялькі… Свістулькі…

Анёлы…

Ды зачараваныя пакупнікі

Тут можна знайсці ўсё што заўгодна. Пачынаючы з карцін вядомых мастакоў, драўляных вырабаў з гліны і ляменца, лялек ў народных строях да хэндмэйд-домікаў для сабак. Смажанае мяса рабілася адразу на месцы, сярэднявечныя майстры круцілі гаршкі і выбівалі манеткі, ткаліся паясы, нават лапці пляліся. Так можна і не набываць нічога – для добрага настрою хопіць і проста паглядзець, столькі ўсяго цікавага і незвычайнага тут прадстаўлена.

Бурштын залатога колеру І піва колеру бурштыну

А сагрэцца ў яшчэ халодны сакавіцкі дзень ці вечар, бо гандаль ішоў да ночы, можна было пры дапамозе алкагольных і безалкагольных традыцыйных напояў – глінтвейнаў, зелкавых гарбат, імбірных він і гарачага піва ды кваса. Ніколі не думала, што гарачы квас можа быць такім смачным.

Ежы было, як на добрым княжыцкім піру, усё гатавался на вялізных патэльных адразу перад наведвальнікамі і пакаштаваць можна было не толькі літоўскія, але і стравы іншых народаў, якія жывуць ў Літве. У гэтым годзе на Казюкі прыехалі майстры з не толькі з Літвы, але і з Польшчы, Расіі, Беларусі і суседніх балтыйскіх краін.

>

Выдатныя кошыкі пустыя і поўныя мясных вырабаў

Увогуле стварылася такое ўражанне, што таргавалі ўсе, хто можа рабіць хоць нешта сваімі рукамі. Вільня на тры дні ператварылася ў горад майстроў і майстрых.

Акрамя стацыянарных гандлярскіх намётаў, было шмат стыхійных месцаў продажу розных цікавых хэнмэйд-рэчаў ды антыкварыяту. Таксама можна было набыць рэчы, зробленыя рукамі дзетак і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і такім чынам дапамагчы ім.

Акрамя кірмашу, каля ратушы быў арганізаваны вялікі канцэрт народных калектываў. Нас здзівіла, вельмі здзівіла атмасфера – добрая, пазітыўная, людзі ўсміхаліся ў натоўпе адзін аднаму. І мы ўсміхаліся.

Да хаты везлі традыцыйныя віленскія вербачкі, якія робяцца з фарбаваных зелак і высушаных кветак і асацыююцца з ліліяй ў руцэ святога Казіміра, а ў мяне – з безапеляцыйным надыходам вясны.