Развагі пасля «Размоваў пра мову»

Мовазнаўцы Пётра Садоўскі і Вянцук Вячорка правялі ў Гродне лекцыю «Размова пра мову”. Сустрэча адбылася 4 сакавіка па вул. Будзёнага.


«Якая мова родная?»

Змена дадзеных па гэтым пытанні ў перапісах беларускага насельніцтва несуцяшальная. Так, з 1926 г. па 1939 г. большасць насельніцтва Беларусі (80%) лічыла родную мову беларускай. Такому стаўленню да мовы спрыяла палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Першай дзяржаўнай мовай была беларуская, чынавенства ды першыя дзяржаўныя асобы ўжывалі родную мову, а ва ўніверсітэтах выкладалі па-беларуску.

 

align=”left” alt=”Image 19983″ >Паступова пачаўся павольны спад да 1989 г. А ў 1999 г. – новы скачок. Гады палітыкі станаўлення беларускай дзяржавы далі свае вынікі – 86% беларусаў лічылі роднай мовай беларускую, як і 74% усяго насельніцтва.

 

Апошні перапіс 2009 г. даў сумныя вынікі – 20% усяго насельніцтва палічыла роднай мовай беларускую. Нечаканы вынік. “Няўжо за такі кароткі прамежак часу магла змяніцца моўная ідэнтыфікацыя насельніцтва краіны?”- выказваў сваё здзіўленне новымі дадзенымі Вінцук Вячорка.

 

Але ёсць акалічнасць, на якую варта звярнуць увагу. Невялікае ўдакладненне ў моўным пытанні перапіснога ліста, лічыць мовазнаўца, кардынальна змяніла вынікі. Каля пытання “Ваша родная мова” цяпер з’явілася расшыфроўка: “Мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве”.

 

«Разумею, але гаварыць не магу»

 

У штодзённым жыцці часта сутыкаемся з беларускай мовай. І хоць не карыстаемся ёй, але разумеем. Такія развагі можна пачуць часта. Разуменне мовы – індыкатар пасіўнага валодання мовай.

 

“На мове размаўляюць апазіцыя ды “калгаснікі”, – яшчэ існуе такога кшталту стэрэатып у нашым грамадстве. Хоць сёння гэта не адпавядае рэчаіснасці. Сапраўды, перасяленне жыхароў вёскі ў горад зрабіла значны ўплыў на моўную сітуацыю. Калі раней перайманне мовы адбывалася ад бацькоў, то сёння гэта вясковыя бабулі. Падсілкаванне з вёскі скончылася, горад пераймае місію правадніка беларускай мовы. Сёння моладзь самастойна авалодвае мовай.

 

Мова бытуе ў розных версіях. Літаратурная (наркамаўка і тарашкевіца), трасянка, дыялекты…Чалавек, які не мае адукацыйнага цэнзару, дазваляе сабе не засяроджвацца на пытанні, як гаварыць. Выкарыстоўванне беларускіх словаў у расейскамоўнай плыні таксама з’яўляецца пасіўным валоданнем мовай.

 

Моўнае пытанне існуе не толькі ў Беларусі. Так, у Нарвегіі існуе гутарковая і літаратурная мова, але дзяржава не ўмешваецца ў працэс – гісторыя пакажа, якая мова будзе пераважаць у выніку.

 

« Мова нас яднае»

Пётра Садоўскі, які з’яўляўся першым беларускім амбасадарам у Нямечыне, распавёў пра моўнае пытанне ў зносінах з іншаземцамі.

 

Значна лягчэй паразумецца з палякамі, чэхамі, краінамі Прыбалтыкі. І тут гаворка не пра блізкасць моў. Гэтыя краіны так, як і мы, перажылі барацьбу за мову. Таму пытанне “Нашто мы змагаемся за сваю мову?” для іх зразумелае.

 

Складаней патлумачыць гэта немцам, французам, амерыканцам… Фармаванне нацыі ў Нямечыне ды Францыі адбылося раней. Гэта таксама быў складаны і супярэчлівы перыяд. І гэты час варагавання адлюстраваўся ў літаратуры. Сёння Еўропа шматнацыянальная і паліткарэктная, але гэта не падстава для знікнення нацыянальных моваў гэтых краін. Хоць, напрыклад, у Нямеччыне паліткарэктнасць паступова прыводзіць да таго, што немцы ў пэўных асяродках, напрыклад, раёнах, дзе пераважаюць выхадцы з Турцыі, са сваёй роднай мовай пачуваюць сябе няўтульна.

 

У Беларусі моўнае пытанне і сёння актуальнае. На думку сп. Садоўскага, фармаванне нацыі ў нашай краіне працягваецца.

 

 

«Не трэба ленавацца»

Сваімі разважаннямі таксама падзяліліся слухачы лекцыі ”Размова пра мову”.

 

Яўген: ”Стараюся штодзённа карыстацца беларускай мовай, але не паўсюдна. Бывае, што ад настрою залежыць. Дома размаўляю з маці па-беларуску, бацька не падтрымаў. Палепшыць веданне мовы дапамагаюць кнігі. Думаю, што варта будзе пачаць знаёміцца з навуковай і тэхнічнай тэрміналогіяй.

 

Алена: “Калі я толькі пачынала размаўляць па-беларуску, пастанавіла, што буду паўсюдна і штодзённа размаўляць, без усялякіх “але”… Давялося на некаторы час адмовіцца ад прагляду і праслухоўвання расейскамоўных смі. Чытала кнігі. Бацькі добра ўспрынялі такі пераход, бо самі выхадцы з вёскі. Нават часам папраўлялі якія слоўцы. На жаль, ніякай падтрымкі з боку сяброў ды знаёмых не знайшлося. Толькі і даводзілася чуць: “Нашто табе гэта патрэбна? Ты нічога не зменіш…”. Навучыцца размаўляць даволі проста, проста не трэба ленавацца, больш чытаць. Значна цяжэй пераадолець псіхалагічны бар’ер – позіркі, перапыты, смяшкі, нават злосць.”

 

Здымкі Ганны Марзы