Вольны дух «Самвыдату»
У 1982 г. гродзенец Аляксандр Раманаў паставіў апошнюю кропку ў сваім, як ен казаў, жартаўліва-народным даследванні «Пралетарыі духа». Надрукаваны на машынцы рукапіс адразу знайшоў свайго чытача і пайшоў, што называецца, па руках. Ды і не дзіўна: героі сатырычна-гумарыстычных апавяданняў Стах і Грыня былі жывыя і натуральныя і вельмі адрозніваліся ад лакіраваных постацей літаратуры так званага сацыялістычнага рэалізму.
Гэты зборнік, таленавіта напісаны і абсалютна непадцэнзурны, не меў ніякіх шансаў быць надрукаваным у афіцыйным савецкім выдавецтве. Таму Раманаў узяў пяць асобнікаў свайго твора, зрабіў пераплет для кожнага з іх, уклеіў фотаздымак аўтара. Так у выдавецтве «Самвыдат» хутка і аператыўна выйшла гэта кніга. Увесь наклад быў раздадзены сябрам Аляксандра, і я ганаруся, што ў маей біблятэцы есць адзін экземпляр з вітальным словам аўтара. Дарэчы, чаму колькасць была менавіта такая? А памятаеце знакаміты песенны радок – «Друкарка «Эрыка» бярэ ўсяго пяць копій»… Вось невялікі ўрывак з «Пралетарыяў духа»:
align=”left” >«Калі на працы ў Стаха даведаліся, што ён не член прафсаюза, здзіўленню і абурэнню начальства не было межаў. Стаха выклікалі да дырэктара і настойліва запыталіся, ці не збіраецца ен уступіць у мясцовую прафсаюзную арганізацыю. «Не», – лаканічна і проста адказаў Стах. «Чаму?», – крыху ўзмацніў голас дырэктар. «Ды таму, што вашы прафсаюзы – школа камунізму, а я гэтую школу паспяхова скончыў».
Аўтар кнігі ўслед за сваім героем мог упэўнена заявіць, што ён прайшоў поўны курс камуністычных універсітэтаў. Аляксандр Раманаў нарадзіўся ў 1949 г., усё жыццё пражыў у невялікім драўляным доміку на ціхай гродзенскай вуліцы Льва Талстога. На золку туманнага юнацтва быў, як пазней сам адзначаў, артадаксальным марксістам. Нават сур’езна вывучаў кітайскую мову, каб у арыгінале чытаць творы вялікага Мао. Аднак вельмі хутка Аляксандр прыйшоў да суцэльнага адмаўлення камуністычнай утопіі.
Ён перайшоў на трэці курс хіміка-біялагічнага факультэта тагачаснага Гродзенскага педінстытута, калі ў 1968 г. танкамі была раздушана пражская вясна. Саша не мог не адгукнуцца на гэтыя гвалтоўныя падзеі. Раманаў і яго сябар і аднадумца Сяргей Каленчанка ў знак пратэсту сапсавалі партрэтную галерэю камуністычных правадыроў, што мясцілася ў галоўным навучальным корпусе педінстытута па вуліцы Ажэшкі. КДБ хутка адшукаў вольнадумцаў. Рэакцыя ўладаў была вельмі жорсткая: Аляксандр Раманаў атрымаў чатыры гады зняволення, яго сябар – годам менш. Дарэчы, хутчэй за ўсе менавіта гэты студэнцкі пратэст пацягнуў за сабой спробу спецслужбаў, скажам так, фізічнага ўздзеяння на Васіля Быкава (гэта калі было разбіта шкло ў яго кватэры і пазней у цэнтры Гродна на пісьменніка напалі невядомыя).
Раманаў вельмі цікавіўся творчасцю пісьменніка, і кадэбісты ў часе ператрусу ў яго кватэры звярнулі ўвагу на стос быкаўскіх кніжак, а потым на допытах настойліва імкнуліся даведацца, ці не пісьменнік так паўздзейнічаў на маладога хлопца. Аляксей Карпюк меў рацыю, калі ў сваей кнізе «Развітанне з ілюзіямі» пісаў:
«У педінстытуце арыштавалі студэнтаў Раманава Аляксандра, Каленчанку Сяргея і іншых. Іх падлавілі, калі хлопцы на партрэце Леніна намалявалі сімвал «Пражскай вясны», і на допытах пастараліся, каб студэнты прызналіся, што ўсё рабілі пад уплывам выступленняў Карпюка і Быкава».
Аляксандр адсядзеў у Аршанскай калоніі ўсе чатыры гады. За дзень да таго, як яго тэрмін павінен быў закончыцца, яго… памілавілі. Такую «падлянку» да палітычных у той час улады прымянялі вельмі шырока: каб пазней дысідэнт не мог трапіць пад амністыю. Вярнуўшыся дамой, Раманаў доўга не мог прапісацца ў роднай хаце. Нарэшце, гэта пытанне вырашылася, і тут жа «антысаветчыка» паспрабавалі забраць у Савецкую Армію. Пра гэты выпадак Саша расказваў мне так:
– Прыйшла позва з ваенкамата, а там ужо сядзіць медкамісія спецыяльна для мяне аднаго. Вызначаюць, што для арміі годны. Ваенком з такой з’едлівай усмешкай кажа: «Ну, я бачу, вы не вельмі ўзрадаваны, але ж… Свяшчэнны абавязак». Адказваю вельмі сур’езна: «Чаму ж не рады? Наадварот. У мяне ж у руках будзе аўтамат». Як жа змяніўся твар у ваенкома! І што ты думаеш, выклікаюць мяне на наступны дзень і ўручаюць ваенны білет.
Вось такімі эпізодамі было насычана жыццё гродзенскага дысідэнта Аляксандра Раманава. Ён сур’езна займаўся літаратурнай творчасцю, напісаў кнігу ўспамінаў, мноства апавяданняў і артыкулаў. У сталым узросце захапіўся паэзіяй, яго вершы і пераклады з іншых моў у перабудоўныя гады друкаваліся ў часопісе «Маладосць», газетах «ЛіМ» і «Чырвоная змена», калектыўных зборніках.
Аляксандр Раманаў памёр у 2005 г. ад раптоўнага інсульту літаральна праз некалькі дзён пасля свайго 56-га дня нараджэння. І сення я лічу, што галоўнай творчай падзеяй у яго жыцці стала вольная кніга «Пралетарыі духа», выдадзеная ў Гродна накладам у пяць асобнікаў.