Помнік Максіму Багдановічу ў парку Жылібера зробяць па праекце мінскіх скульптараў

|

Пераможцай стала работа “Вянок” аўтарскага калектыву з Мінска – Льва Мікалаевіча Гумілеўскага, Сяргея Львовіча Гумілеўскага і Яўгена Уладзіміравіча Мядзько.

Усяго на конкурс, зладжаны Гродзенскім гарвыканкамам было прадстаўлена больш за 20 работ. У склад журы ўвайшлі спецыялісты па горадабудаўніцтве, архітэктуры і культуры.

Бюст Максіма Багдановіча, першыя гады жыцця якога прайшлі ў Гродне, будзе ўсталяваны ў парку Жылібера ў межах святкавання 120-годдзя з дня нараджэння паэта.

 

Конкурс на стварэнне бюста Максіма Багдановіча ў Гродне быў абвешчаны Гродзенскімі ўладамі яшчэ ў кастрычніку мінулага году.

Спачатку да ўдзелу запрашаліся гарадзенскія творцы.

Камісія, якая 8 снежня, напярэдадні 120-ай гадавіны з дня нараджэння паэта сабралася ў Гродзенскім гарвыканкаме, прыйшла да высновы, што матэрыялы, прадстаўленыя на разгляд, па сваім змесце не змаглі выразіць глыбіню творчай асобы класіка беларускай літаратуры.

Тады адкрыты конкурс на стварэнне бюста паэта працягнулі да сакавіка, запрасіўшы да ўдзелу скульптараў з усёй Беларусі.

 

Для збору ахвяраванняў на выраб помніка адкрыты адмысловы рахунак.

 

Здымак з сайта http://grodno.gov.by