Дырэктар гродзенскага тэатра лялек пераведзены на пасаду актора

|

У самім тэатры кадравыя змены не каментуюць.

Вядома толькі, што на дадзены момант абавязкі дырэктара выконвае намесніца дырэктара па працы з гледачамі Марыя Антонаўна Шабашова.

Аляксандр Ігнаценка прыйшоў у Гродзенскі тэатр лялек у 1988 годзе, скончыўшы Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя Чаркасава па спецыяльнасці актор тэатра лялек. На пасадзе дырэктара працаваў з 11 лістапада 1998 года.

Звальненне дырэктара адбылося неўзабаве пасля сустрэчы 2 сакавіка актораў і кіраўніцтва тэатра з старшынёй Гродзенскага аблвыканкаму Сямёнам Шапірам.

Гэтая сустрэча прайшла пасля напісання супрацоўнікамі тэатра калектыўнага ліста да міністра культуры (копія – старшыні Гродзенскага аблвыканкама), падпісанты якога прасілі звярнуць пільную ўвагу на правядзенне ў будынку тэатра рэстаўрацыйных  работ, якія пагражаюць знішчэннем адметнасцяў помніка архітэктуры.

На сустрэчы прадстаўнікоў калектыву з Сямёнам Шапірам было прынята пад увагу жаданне калектыву ўзаемадзейнічаць з аўтарамі праекта рэканструкцыі гістарычнага будынка. Цяпер тэатральны мастак афіцыйна працуе з дызайнерамі, галоўны режысёр тэатра лялек  запрашаецца на нарады, прысвечаныя правядзенню рэканструкцыі.

А дырэктар звольніўся.

Дакладная прычына напісання дырэктарам тэатра лялек заявы на звальненне па ўласным жаданні невядомая.

 

Здымак http://www.gs.by