Суд абавязаў шклозавод давесці да жыхароў экалагічную інфармацыю
Пра тое, што адбывалася ўчора ў Лідскім раённым судзе, распавядае юрыст Сяргей Магонаў:
– Я супрацоўнічаю як юрыст з Охрускім цэнтрам. На мяне выйшлі жыхары Бярозаўкі, каб я ім дапамог. Яшчэ 11-га лістапада мінулага года мы запрасілі інфармацыю пра пабудову ў горадзе Бярозаўка цэха шклаваты. Мінулі ўсе тэрміны, і ў студзені мы атрымалі фактычна фармальную адпіску. Таму мы былі вымушаны звярнуцца ў суд, і ўчора суд прызнаў нашыя патрабаванні. Суд таксама спагнаў з завода грошы, што пайшлі на судзебныя выдаткі. Сённяшнім рашэннем мы дабіліся ад шклозавода «Нёман» выканання артыкула №4 Охрускай канвенцыі, а менавіта «доступу да экалагічнай інфармацыі».
Сяргей мяркуе, што гэта толькі пачатак судоў са шклозаводам:
– Далей, хутчэй за ўсё, будзе яшчэ адзін суд. Будзем настойваць на выкананні арт. №6 «Права грамадскасці на прыняццё рашэнняў». Па нашаму беларускаму заканадаўству закон не абавязвае рабіць грамадскія слуханні, пры гэтым пабудову цэху «хаваюць» за… рэканструкцыяй. Аднак, па майму мяркаванню, завод усё ж такі пойдзе на тое, каб правесці грамадскія слуханні. Ім проста гэта будзе танней, чым даводзіць справу да новага суда.
Нагадаем, што жыхары Бярозаўкі ўжо напрацягу трох год спрабуюць правесці ў горадзе грамадскія слуханні па пабудове ў горадзе цэха па вытворчасці шклаваты.