Гарадзенская бібліятэка выдала раней не публікаваныя матэрыялы з архіву Быкава

|

Гэта не зборнік невядомых твораў Васіля Быкава ў звычайным разуменні — гэта першае цалкам архіўнае выданне народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі яго раннія творы, напісаныя больш паўстагоддзя таму, што ніколі дасюль не друкаваліся: аповесць, апавяданне, прыпавесці, кінасцэнарый па аповесці «Сотнікаў», а таксама незавершаная аўтабіяграфія”, – гаворыцца ў прадмове да выдання. -“Тут жа прадстаўлены пераклад на рускую мову аповесці «Апошні баец», які дазваляе выявіць зробленыя падчас першапублікацыі ў 1958 г. у газеце “Чырвоная змена” скарачэнні і такім чынам узнавіць раннюю рэдакцыю першай аповесці В. Быкава. Значную частку кнігі складаюць незавершаныя творы ізапісы з нататнікаў, якія сам пісьменнік называў «голымі ідэямі» і якія даюць пэўнае ўяўленне пра «творчую кухню».”

Калі ў канцы 1970-ых гадоў Быкаў з’ехаў з Гродна ў Мінск, з сабой ён забраў і паперы, але, як высветлілася, шмат што засталося ў Гродне, і пра гэтую частку архіву Быкава практычна ніхто не ведаў. Знайшоў і падрыхтаваў да друку частку матэрыялаў гарадзенскага архіву Васіля Быкава па замове “Гарадзенскай бібліятэкі” Сяргей Шапран – вядомы  даследчык жыцця і творчасці пісьменніка.

Павел Мажэйка, адзін з каардынатараў выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”:

У Сяргея Шапрана я бачыў велізарныя стосы папер архіву Быкава, і ён не дзеліць яго на гарадзенскі і не гарадзенскі. Напрыклад, Сяргей Шапран  мае некалькі нецэнзураваных варыянтаў вядомых твораў пісьменніка, у тым ліку “Мёртвым не баліць”. Безумоўна, ёсць яшчэ што выдаваць, але пакуль дакладных планаў на гэты конт не маем.

Кнігу “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў” можна будзе набыць падчас прэзентацый і ў некаторых кнігарнях па вельмі даступных коштах. У Мінску кнігарні замаўляюць выданне вельмі ахвотна, у Гродне з гэтым цяжэй.

Першыя прэзентацыі кнігі выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” плануе ўжо на сакавік.