10 сакавіка Міхасю Ткачову споўнілася б 70 гадоў

|

Да 70-годдзя Міхася Ткачова ( і 1150-годдзя заснавання Полацка) прымеркаваная студэнцкая канферэнцыя, якую ладзіць кафедра археалогіі і этналогіі факультэта гісторыі і сацыялогіі і студэнцкі археалагічны гурток ГрДзУ імя Янкі Купалы 12 сакавіка, піша http://grsu.by.

У канферэнцыі акрамя гродзенцаў возьмуць удзел студэнты БДУ, Полацкага  і Брэсцкага дзяржаўных ўніверсітэтаў, Ягелонскага і  Ўроцлаўскага ўніверсітэтаў.

13 сакавіка адбудзецца міжнародны круглы стол “Праблемы выкладання археалагічных і этналагічных дысцыплін у ВНУ Беларусі і Польшчы”.

Міхась Ткачоў даследваў вайсковую гісторыю Беларусі.  Аўтар каля 200 навуковых прац, у тым ліку 10 кніг.

У Гродне ён з  1978 году працаваў выкладчыкам, а пасля загадчыкам кафедры ў ГрДзУ імя Янкі Купалы.  Чыніў мясцовым уладам перашкоды ў знішчэнні гістарычнай забудовы, за што гісторыка спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці “за клевету на органы Советской власти”.

З другой паловы 80-ых Міхась Ткачоў актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычнае  жыццё. Ужо пасля пераезду ў 1989 годзе ў Мінск удзельнічаў у стварэнні «Мартыралогу Беларусі», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ,  быў ініцыятарам аднаўлення ў Беларусі сацыял-дэмакратыі і першым старшынёй Цэнтральнай рады адноўленай БСДГ.

 

Сёлета 31 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў з дня смерці Міхася Ткачова.

 

На здымку: Міхась Ткачоў на мітынгу ў Мінску ў пачатку 90-ых гадоў

Здымак http://nn.by