Філатэлістычная выстава да 20-годдзя першай маркі Рэспублікі Беларусь адкрыецца ў Гродне
Гэтым разам свае калекцыі прадставіць моладзь – калекцыянеры ва ўзросце да 21 года. Нягледзячы на ўзрост, многія з удзельнікаў ужо маюць узнагароды і вялікі досвед у справе збірання марак і канвертаў.
Урачыстае адкрыццё адбудзецца 20 сакавіка ў 15 гадзін у памяшканні Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”: вул.К.Маркса, 29 (Дом сувязі, 4 паверх).
Арганізатары выставы абяцаюць, што яна стане падзеяй у развіцці беларускай філатэліі, а некаторыя ўнікальныя экспанаты цяжка будзе ўбачыць у іншым месцы.
Сярод прадстаўленых на выставе калекцый журы вызначыць лепшыя.
Адмыслова да гэтай даты выпушчаны маркіраваны мастацкі канверт (на здымку) і штэмпель спецыяльнага гашэння.
Арганізатары выставы – РУП “Белпошта” і яе гродзенскі філіял, грамадскае аб’яднанне “Беларускі Саюз філатэлістаў”, Генеральныя консульствы Літоўскай Рэспублікі і Польскай Рэспублікі ў Гродне.
Першая беларуская паштовая марка пасля атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці была выпушчаная ў 1992 годзе з выявай крыжа Еўфрасінні Полацкай. Да 1995 года з-за адсутнасці паліграфічнай базы беларускія маркі друкаваліся ў Расіі, пасля – Беларускім домам друку.