“Артыст”: кіно ў сваім пачатку

|

Узнагароды Амерыканскай кінаакадэміі заўсёды выклікаюць спрэчкі. Не стаўся выключэннем і сёлетні лаўрэат – фільм Мішэля Хазанавічуса “Артыст”. Банальная гісторыя ў небанальнай абгортцы.


У 1927 годзе зорка нямога кіно з надта завышайнай самаацэнкай – Джордж Валенцін – на вяршыні поспеху, але яго кар’ера вось-вось перарвецца, бо на падыходзе эпоха гукавых тэхналогій. Няздольны прыстасавацца ён губляе ўсё, што меў у жыцці, але ж галоўнае – спагадлівасць людзей – застаецца.

 

Хазанавічус, дарэчы, унук габрэйскіх эмігрантаў з Літвы, стварыў фільм пра рэвалюцыйныя змены ў кінамастацтве на фоне імклівых падзей Вялікай дэпрэсіі. Сюжэт просты як аглобля і прадказальны да болю – але ў гэтым і ўвесь смак. Стужка не мела быць нейкім адкрыццём, а проста выдатнай стылізацыяй і з гэтым у яе стваральнікаў усё атрымалася.

 

Акторы выдатна паўтараюць манеру гульні характэрную для эпохі нямога кіно, атмасферная музыка стварае ўтульную атмасферу, візуальна стужка максімальна набліжаная да эталона. Надзвычай цікавым (і рызыкоўным!) крокам быў таксама выбар на карысць цалкам бязгучнай стужкі: у ёй фактычна няма дыялогаў, размовы паміж персанажамі перадаюцца “крыўляннямі” актораў – усё аўтэнтычна, як і 90 год таму. І што найбольш цешыць, ўсё цалкам зразумела без словаў!

 

Сапраўднага нямога кіно мы не бачылі ўжо даўно – з навейшых прадукцый узгадваецца толькі вельмі нішавая аргентынская “Антэна”, ды і тое, гэта была стылізацыя хутчэй на рэтрафантыстыку і нямецкі экспрэсіянізм. Зрэшты, сама стужка не выйшла асабліва па-за фестывалі. А тут – пяць Оскараў, сем узнагарод BAFTA і агулам ужо 73 узнагароды па ўсім свеце!

 

Што зусім нечакана – стваральнікі стужкі пайшлі так далёка, што паказваюць фільм у старадаўнім фармаце 4:3, ад якога нават тэлеканалы ўжо хутка адмовяцца цалкам (нарэшце неяк сэнсоўна можна будзе выкарыстаць дапатопны экран у гарадзенскай “Чырвонай зорцы”). І такія, здаецца, дробязі, ствараюць адпаведную атмасферу. Хочацца паправіць гальштук-матылёк і адшукаць у кішэні пінжака гадзіннік, хаця ведаеш, што прыйшоў у кіно ў старым расцягнутым світары і даўно правяраеш час на мабільным. Дарэчы, фільм для прагляду толькі ў кінатэатрах.

 

“Артыст” гэта кіно ў сваім пачатку: без дурацкага непатрэбнага 3D і іншага шалупіння. Настальгічнае падарожжа туды, куды ўжо не вярнуцца. У часы, калі ў кіно хадзілі ў гарнітуры і вечаровых строях, а не з семкамі і паўтарашкай. Калі падчас сеанса мог граць нават цэлы аркестр. Калі гледачоў наогул цікавіў фільм.

 

Няхай мэйнстрым застаецца са сваімі моднымі спецэфектамі і выбухамі фарбаў. Сапраўдны кінематограф з нязменнай усмешкай грае сціплы старамодны джаз эпохі Вялікай дэпрэсіі.

 

Фільм: Артыст / The Artist, 2011 г., Францыя-Бельгія, 100 хв.

Рэжысёр: Мішэль Хазанавічус

Жанр: рамантычная камедыя / драма

Асабістая ацэнка: 8 / 10

 

Гарадзенцы могуць паглядзець фільм “Артыст” да 22 сакавіка ў кінатэатры “Чырвоная зорка”, а 23-25 сакавіка ў кінатэатры “Кастрычнік”.