Гродна спадзяецца атрымаць частку ад міліёна еўра на захаванне спадчыны

|

Прыкладна такой сумай вымяраецца бюджэт сумеснага з латвійскім Даўгаўпілсам праекта, які пададзены на разгляд Еўрапейскай камісіі. У выпадку ўхвалення праект можа распачацца ўжо ў канцы гэтага года.


Праект мае назву “Захаванне і папулярызацыя культурна-гістарычнай спадчыны ў Даўгаўпілсе і Гродна”. Асноўнымі партнёрамі па яго рэалізацыі з’яўляюцца дума Даўгаўпілса і ўпраўленне культуры гарадзенскага гарвыканкама.

 

Як паведамляюць латвійскія СМІ, 75% бюджэта пойдзе на працы па рэстаўрацыі і аднаўленні гістарычных помнікаў.

 

У Гродне плануецца стварыць Цэнтр рэгіянальнай спадчыны. Абодва гарады мае связаць спецыяльна распрацаваны ў межах праекта турыстычны маршрут.

 

Аўтары праекта плануюць таксама ладзіць сумесныя семінары, турыстычны форум, майстар-класы народных умельцаў.

 

Улады Даўгаўпілса днямі пагадзіліся выдаткаваць з мясцовага бюджэту 27 тыс. латаў (амаль 39 тыс. еўра) на распрацоўку асноўнай дакументацыі праекта.

 

Даўгаўпілс (гістарычныя назвы Дзвінск, Дзінабург) – другі па памерах горад Латвіі.

 

У гістарычных дакументах узгадваецца ўпершыню ў 1275 г., калі Лівонскі ордэн пачаў будаваць тут каменны замак – Дзінабург (частка замку – на верхнім здымку).

 

У 1566 г., пасля ліквідацыі Лівонскага ордэна горад увайшоў у склад ВКЛ. У 1582 г. кароль Стэфан Баторый надаў гораду Магдэбургскае права.

 

У 1772 г., пасля першагу падзелу Рэчы Паспалітай, Дзінабург быў далучаны да Расійскай імперыі і стаў часткай Полацкай, а пазней – Віцебскай губерніі.

 

У 1893 г. па загадзе імператара Аляксандра III Дзінабург быў перайменаваны ў Дзвінск.

 

У студзені 1920 г. латвійскія войскі вызвалілі горад ад саветаў і перайменавалі яго ў Даўгаўпілс.

>

Гарадская ахоўная дамба – адна з турыстычных “разынак” Даўгаўпілса

 

Насельніцтва горада складае сёння крыху больш за 100 тыс. жыхароў. Палова з іх (52%) – рускія. Амаль 10% насельніцтва складаюць беларусы.

 

Да мяжы Беларусі ад Даўгаўпілса 35 км.