Як паведамляла КДБ СССР…

У маім архіве захаваўся здымак часоў развітога сацыялізму. Нейкая чарговая працоўная перамога святкавалася ў Гродне. На пярэднім плане – тагачасны беларускі гаспадар Слюнькоў і гродзенскі бос Кляцкоў. Яны нечаму шчыра радуюцца.


Магчыма, выпушчана мільённая тона прадукцыі на « Азоце», альбо вывезены на палі юбілейны торфаперагнойны гаршочак. Так мы і жылі ў тыя часы – ад перамогі да перамогі. Аднак далека не ўсім гродзенцам тая рэчаіснасць падабалася. Некаторыя з іх выказвалі даволі рэзкае «не» уладам. Такія падзеі адлюстроўваліся не ў «Савецкай Беларусі», а ў паперах, на якіх стаяў грыф « Цалкам сакрэтна».

 

Пра выпадак, які здарыўся ў Гродне ў 1975 г., у горадзе можна было пачуць і шмат пазней. Адныя гаварылі, што ў часе першамайскай дэманстрацыі нехта пачаў выкрыкваць не тыя лозунгі; па другой версіі, перад трыбунай на Савецкай плошчы быў узняты крамольны плакат. А што было на самай справе? Можа, увогуле, гэта – чарговая народная легенда, так званы гарадскі фальклор?

 

align=”left” >Адказ, як ні дзіўна, я знайшоў у кнізе вядомага расійскага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага (памятаеце, «памянялі хулігана на Луіса Карвалана»?) «Маскоўскі працэс». Кніга, выдадзеная ў Парыжы ў 1996 г., распавядала пра тое, як яе аўтару ў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя давялося папрацаваць у сакрэтных архівах ЦК КПСС і КДБ. Карыстаючыся неразбярыхай, якая панавала ў той час у Маскве, Уладзімір Букоўскі адсканіраваў дзесяткі ўнікальных дакументаў. Сярод іх была спецыяльная (майская, 1975 г.) зводка КДБ СССР, накіраваная ў ЦК КПСС. Яе падпісаў асабіста галоўны чэкіст Савецкага Саюза Юрый Андропаў.

 

Вось некалькі радкоў з гэтага дакумента: «Святкаванне Першага Мая ў краіне праходзіла ў нармальных абставінах, з вялікім палітычным уздымам. Разам з тым у некаторых раёнах краіны адзначаны асобныя факты негатыўнай накіраванасці. У Маскве, Адэсе, Кішэнёве, Растоўскай вобласці былі распаўсюджаны лістоўкі варожага зместу… У горадзе Гродна выяўлена псаванне партрэта заснавальніка Савецкай дзяржавы. Па ўсіх гэтых фактах прыняты адпаведныя меры».

 

Цікава, што калі ў канцы 80-х я пазнаёміўся з вядомым маскоўскім пісьменнікам і дысідэнтам Львом Цімафеевым, ён быў у курсе гродзенскіх падзей мая 1975 г. і расказаў мне свой варыянт таго здарэння.

 

Далікатнае слова « псаванне», ужытае Андропавым, азначала наступнае. Напярэдадні першамайскага святкавання хтосьці размаляваў вялізарны партрэт правадыра, які мясціўся між калонаў ДК тэкстыльшчыкаў, антысавецкімі лозунгамі. І быццам бы гэтая неспадзянка была заўважана ў самы апошні момант, калі першыя дэманстранты ўжо маршыравалі па Савецкай плошчы. Прыйшлося на хаду спешна мяняць усю наглядную агітацыю за трыбунай гродзенскага начальства. Так ці інакш, інфармацыя пра здарэнне трапіла на самы верх, была зафіксавана, аж нават страшна паўтарыць, дзе. Зразумела, што гродзенскае КДБ нейкі час пасля гэтага стаяла, што называецца, на вушах. Аднак, наколькі вядома, віноўнік так і не быў знойдзены.

 

Сёння перабудаваная Савецкая плошча абласнога цэнтра выглядае неяк пуставата. На ёй не хапае якога-небудзь манумента. І чаму б тут не ўсталяваць помнік невядомаму дысідэнту? Гэта можа быць постаць чалавека, які пляскае ў далоні і адначасова хітравата ўсміхаецца. Помнік невядомаму дысідэнту, якога пакуль што няма нідзе ў свеце, мог бы прыцягнуць у наш горад вялікую колькасць турыстаў.