Грамадскія слуханні ператварыліся ў фарс

|

Гэтую людскую таўканіну каля філармоніі пераадолець было дастаткова цяжка. Аднак, апынуўшыся сярод натоўпу, я зразумела, што надалей будзе не сапраўднае вырашэнне лёсу дрэваў, а просты і зразумелы для нашай рэчаіснасці фарс.

 

Як у дрэнным кіно разварочваліся падзеі – за вуглом філармоніі стаялі вялікі белы аўтобус ды мікрааўтобусы, на якіх (пранеслася чутка) падвезлі патрэбную «масоўку», добра апранутыя жанчыны хорам крычалі, што дрэвы трэба срубіць абавязкова, нейкі хлопец сказаў: «А мне ўсё роўна» і пайшоў рэгістравацца, як удзельнік слуханняў.

 

Мінулыя слуханні па вырубцы дрэваў, якія адбываліся 16-га сакавіка мелі не той вынік, які быў патрэбны нашым мясцовым уладам. Ён быў ануляваны, і сёння ў чатырох кропках горада правялі аўтаномныя сустрэчы з грамадскасцю. Зразумела, разлік быў на тое, што людзям, якім сапраўды важна, не магчыма паспець на ўсе сустрэчы. Як гэта было на «Гроднахлебпраме», дзе ў 10 гадзін адбыліся грамадскія слуханні адносна лёсу газону і клумбы з насаджэннямі, распавядае Юля Каляда:

 

– Я прыехала ў 10.10 на прахадную, але ўжо нікога нідзе не было. На прахадной спыталася, ці былі ўвогуле слуханні. Мне адказалі, што ўсё ўжо прайшло, і ўдзел прынялі каля 50 чалавек.

 

Можна толькі здагадвацца, якое рашэнне было прынята і як гэта мерапрыемства адбывлася. Але вернемся да дрэваў каля філармоніі, дзе прадстаўнікі дадзенай культурнай установы (так яны сябе называлі) чамусьці вельмі агрэсіўна адстойвалі рашучае спілаванне дрэваў.

 

 

Чыноўнікі з аргументамі


Самымі важкімі аргументамі былі: «Вы нічога не разумееце» і «Мы робім гэта для сваіх дзяцей». І нават не толькі дзяцей, а і ўнукаў. І ў словах прадстаўнікоў Інстытута «Грамадзянпраект» ды іншых чыноўнікаў не было чуваць упэўненасці, што будуць абавязкова пасаджаны новыя вялікія дрэвы, а не карлікавыя пароды, ці ўвогуле што-небудзь пасаджана.

>

Грамадства з пытаннямі

 

На пытанні грамадскасці, якія ж і колькі дрэваў будзе расці замест вырубленых, адказаць яны так і не змаглі. Як не змаглі дакладна назваць вуліцы, дзе пасаджаны тыя 457 (!) дрэваў, пра якія некалькі разоў успаміналі прадстаўнікі ўлады.

Дзіўны план вырубкі-азелянення

На грамадскім абмеркаванні, як ні дзіўна , не было дастатковага канструктыўнага дыялога з грамадскасцю. Былі эмоцыі, былі абяцанкі і прыгожыя словы, было жаданне як мага хутчэй скончыць гэтую няважную справу, аб чым раздражнена ды красамоўна сказаў прадстаўнік чынавенства:

 

– Вы, напэўна, нідзе, не працуеце, толькі адрываеце мяне ад працы. І прыходзіцца мне з вамі, «азеляніцелямі», змагацца…

 

Аднак лёс дрэваў вельмі хвалюе мясцовых жыхароў, частка з якіх усё ж такі трапіла на гэтае абмеркаванне, хаця пра час і месца іх правядзення грамадскасць даведалася менш чым за суткі. Яны, жыхары, скардзіліся, што на вуліцы Суворава пасеклі дрэвы, што ўлетку няма чым дыхаць з-за выпарэнняў асфальта, што з-за атсутнасці дрэваў, вулічны шум урываецца ў кватэры.

 

Але, на жаль, гэтыя праблемы не турбуюць чыноўнікаў, як і не турбуе іх, чым жа дыхаць сённяшнім старым ды малым, дзе ж пашпацыраваць з немаўляткам маладой маме, не ўдыхаючы выхлапныя газы, дзе ў цяньку пасядзець і памроіць, гледзячы на вымытае травеньскім дажджом вялікае лісце каштанаў, якія таксама неўзабаве будуць знішчаны.

 

Усе разышліся: хто залез у мікрааўтобус, хлопцы ў спартовых касцюмах пайшлі грэцца ў будынак філармоніі, чыноўнікі – па кабінетах, а мясцовыя жыхары вырашылі напісаць скаргу ў пракуратуру па выніках гэтага абмеркавання (фота на застаўцы). Аб тым, што слуханні былі праведзены не зусім па праўдзе, сведчыць падслуханы мною дыялог сакратаркі, якія рэгістравала ўдзельнікаў са сваім калегай:

 

– Гэта нашых прывезлі? – Пытае ён, паказваючы на мікрааўтобус.

– Так, нашых, але цішэй…

Фота аўтара