Кіроўца, які забіў жанчыну, пасля здарэння зачыніўся ў машыне і слухаў музыку

|

Трагедыя здарылася пад раніцу 1 красавіка ў Смаргонскім раёне на 101 км аўтадарогі “Мінск-Ашмяны-мяжа Літоўскай Рэспублікі”.

Жыхарка Мінска на сваёй машыне “Мерседэс-Бэнц С220” сустрэла знаёмых, якія вярталіся з-за мяжы.

Па дарозе дамоў, ля Крэва, на прамым гарызантальным участку дарогі на яе паласу руху выехала “Вольва ХС 90”. Удар быў настолькі моцны, што ад “немца” мала што засталося.

32-гадовая ўладальніца “Мерседэса” памерла праз нейкі час на месцы здарэння, яе пасажырка, якая ехала на заднім крэсле, шпіталізаваная, а мужчына, які сядзеў на пярэднім пасажырскім крэсле цудам пацярпеў нязначна.

 

За рулём “Вольва” быў 53-гадовы мінчук, які ніякіх пашкоджанняў у аварыі не атрымаў.

Супрацоўнікі ДАІ ахарактарызавалі яго стан як “алкагольная кома”.

Раней ён 21 (!) раз прыцягваўся да адказнасці за парушэнні Правіл дарожнага руху, тройчы – за кіраванне машынай у нецвярозым выглядзе, двойчы – да крымінальнай адказнасці.

Пасля чатырох ДТЗ з пашкоджаннем транспартных сродкаў ён з’язджаў з месцаў аварый.

 

Паводзіны мужчыны пасля сутыкнення шакавалі відавочцаў. Зачыніўшыся ў машыне, ён уключыў магнітолу, весяліўся і паказваў непрыстойныя жэсты. Па словах аднаго з відавочцаў, мужчына перасеў на пасажырскае месца, пацягваў піва.

 

Паводле http://www.gaigrodno.by