Успаміны пра адчуванне мора. Частка ІІ
– Наша задача была з дапамогаю секстанта, як першыя маракі часоў Магелана, удакладняць месцазнаходжанне нашага карабля і пракладаць шлях. З дапамогай радыёмаякоў, з дапамогай сонца, зорак – цікавы быў занятак. Былі добрыя спецыялісты, якія нам паказвалі, што і як рабіць, каб не згубіцца ў гэтым сусвеце мільярдаў зорак.
Харчаванне на практыцы і ў паходзе было не вельмі. Нас кармілі нейкай старой рыбай. Вайскоўцам рэдка калі давалі нешта свежае. Курсантаў часта кармілі стратэгічнымі запасамі. Да прыкладу, нам падсоўвалі кільку ў тамаце. Глядзім, гэтая кілька даўно пратэрмінаваная, але мы яе елі. Што было пазней, зразумела …
Нам казалі, што адмірал Нэльсан усё сваё жыццё так і не прызвычаіўся да мора, гэта значыць, што яго ўвесь час ванітавала. Нават, камандуючы бітвамі на Трафальгары, ён трымаў побач «начоўку».
Людзі кідалі вучобу не праз неадчуванне рамантыкі, а па іншых прычынах. Адзін з нас кінуў вучобу «з-за цяжкасцяў воінскай службы». Вельмі цікавым момантам было, калі мы праходзілі туманны Альбіён – Па-Дэ-Кале і ўвесь Ла-манш. Гэта – месца міжнародных водаў, дзе дазволена праходзіць. Вельмі добра можна было бачыць Францыю: агеньчыкі, пабудовы, партовыя докі.
Прайшлі Гібралтар, такое туманнае месца. Міжземнае мора вышэй за Атлантычны акіян, у сустрэчы мноства водных патокаў – вялікія касякі рыб. У такіх месцах пасвяцца маленькія дэльфіны, якія палююць на рыбу, але ніколі не адлмаўляліся і ад батона, кінутага з барта. І бягуць яны за карблём, як сабачкі за гаспадаром.
Служба на флоце суправаджалася нейкімі незразумелымі дзяржаўнымі таямніцамі. Аднак гэтыя таямніцы зыходзілі ў нішто, калі які-небудзь марак ездзіў у адпачынак у Сухумі і прывозіў адтуль ангельскія часопісы пра флот. Менавіта ў такіх замежных часопісах мы бачылі сакрэтныя, з нашага погляду, матэр’ялы. Да прыкладу, падводная лодка «Акула» у нас лічылася вялікім сакрэтам, а у іх у часопісе – фотаздымкі з пасадкай гелікоптэра на борт. Фотаздымкі дэталёвыя, файныя, каляровыя!
Нас рыхтавалі да розных экстрэмальных сітуацый. Паколькі я рыхтаваўся на падводніка, гэта былі і выхад з тарпеднага адсеку, і навука карыстацца аквалангам і адмысловымі сродкамі, з дапамогай якіх можна выйсці з вялікай глыбіні. Дарэчы, адзін з тэстаў – баракамеру – не прайшлі шмат людзей, якія здалі ўсе экзаміны пры паступленні. Умоўныя 20 атмасфер выклікалі крывацёк з носу, з вушэй. Былі выпадкі, калі на момант так званага «заглыблення» чалавек пачынаў грукаць – прасіў, каб яго выпусцілі. Шмат у каго было сімптомы клаўстарафобіі.
Фота з архіву, 20 год таму…
Змяніліся і твары, і свет…
У нашым далёкім паходзе мы супыніліся ў адным з самых вялікіх гарадоў Алжыру – Аране. Горад пабудавалі ў часы, калі Алжыр быў калоніяй Францыі. Уся фасадная частка цэнтру складалася з шыкоўных дамоў у стылі ампір. Літаральна ў паўквартале ад гэтых будынкаў пачыналіся глінабітныя дамы, звычайныя арабскія забудовы, якія мала чым адрозніваюцца ў іншых краінах. Французскую мову там ведае амаль што кожны, нават дзеці, якія папрашайнічалі – «Мес’е – франк! Мес’е – франк!».
Краінай у той час кіравалі вайскоўцы і, зразумела, ніякай дэмакратыі не было. Вайскоўцы праводзілі так званую праеўрапейскую палітыку. Алжыр у той час вельмі шчыльна супрацоўнічаў з Савецкім Саюзам. Каля 2-х тысячаў спецыялістаў і дыпламатаў было з СССР. Алжыр вельмі багаты на рэдкія металы, таму СССР меў там свой інтарэс. У Аране было шмат людзей, якія добра ведалі расейскую мову. Мы гулялі з імі ў футбол, нам рабілі добрыя экскурсіі, у часе якіх мы назіралі разнастайныя кантрасты жыцця. Мы бачылі як праеўрапейскіх цывілізаваных людзей, так і сацыяльна апушчаных «на дно»: спітыя, амаль голыя, яны сядзелі і ляжалі на асфальце.
Мы акурат трапілі ў Алжыр на рамадан, калі рэжуць баранаў. Усе размовы пра цывілізаванасць адразу адпадаюць, калі ты бачыш такую антысанітарыю! Ва ўнутраных дворыках вісяць кішкі з мухамі, адрэзаныя ногі баранаў з’едзеныя насякомымі. Ідзеш і не ведаеш, як гэта хутчэй пераадолець. На вуліцах гораду, у якім пражывае амаль міл’ён, жанчын амаль не відаць.
Мы хадзілі пяцёркамі, каб не было ўцёкаў. Грошай нам не давалі, хаця павінны былі даваць (выдалі пазней бонамі). Адзінае, што нам заставалася, спадзявацца на ласку гаспадароў, альбо абмен. Бралі нейкія значкі, сувеніры. Як зараз памятаю сустрэчу з “асабістам” перад выхадам у горад. У яго былі такія блакітныя шкляныя вочы, што складалася ўражанне, быццам ён глядзіць скрозь цябе.
Яшчэ помню момант, калі мы праплывалі праз Балеарскія выспы. Раптам над намі пачалі лётаць «натаўскія» верталёты, нейкія караблі ішлі побач у 20 кабельтавых ад нас. Нам загадалі сесці на палубу і не махаць рукамі. А аператары з верталёта хіхікалі, спускалі ногі ўніз, здымалі нас на камеру. Мы выглядалі як загнаныя звяркі…
Запісаў Андрэй Мялешка