«Дактыласкапічны» працэс у Гродне

|

Спачатку гарадзенец атрымаў позву на праходжанне дактыласкапіі з Ленінскага РАУС і вырашыў не рэагаваць на яе. У адказ міліцыянты склалі на Ўладзіміра пратакол аб адміністратыўным парушэнні. Быццам бы Фяненка не падпарадкаваўся законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Аднак гэты пратакол быў складзены… завочна. Абапіраючыся толькі на тэлефанаванне ўчастковага ўпаўнаважанага на хатні нумар Уладзіміра.

 

Больш таго, – з відавочнымі юрыдычнымі памылкамі. Складаючы пратакол, міліцыянт запісаў сябе ж у сведкі! Сітуацыя ўвогуле цалкам фантастычная, таму што той жа самы міліцыянт аказаўся яшчэ і… пацярпелым. Так бы мовіць, адзін у трох асобах. Калі б ён жа мог выносіць прысуд і выконваць яго, то было б зусім ідэальна. Праваахоўнікаў нічога не засмуціла, і справа накіравалася ў суд. Суддзя Сяргейка М.А, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачанага і вялікае жаданне прысутных, у маленькі кабінет, дзе праходзіла слуханне, нікога не пусціў. Матывацыя рашэння: ён працуе, а прысутныя яму толькі перашкаджаюць. Затым суддзя загадаў «ачысціць памяшканне». І нават старшыня суда нічым не дапамагла прысутным.

 

Той самы пратакол…

Пачаўся працэс. На працягу 2-х гадзін М. Сяргейка разглядаў розныя нюансы пратакола, хаця, падкрэслю яшчэ раз, сам пратакол быў цалкам незаконны. Напэўна, разуменне гэтага простага факта лунала ў паветры, таму што у рэшце рэшт суддзя аб’явіў вердыкт: пратакол адправіць на дапрацоўку. Хтосьці з прысутных адзначыў: «Хочуць збіць грамадскую хвалю і цішком прыняць патрэбнае ім рашэнне». Аднак, відавочна, што на фоне новага ўсплеску дактыласкапічнай кампаніі вынік судовага працэсу выглядае незвычайным і нечаканым.

Фота на застаўцы: праваабаронца з БХД Раман Юргель (злева) і Уладзімір у часе чакання прысуда