Пройгрыш згуртоўвае каманду не менш, чым перамога

|

Успомнім як усё было.

 

У суботні футбольны дзень ўваход на стадыён быў вольны. Надвор’е панавала зусім не вясновае, але паглядзець гульню з удзелам «Нёмана» прыйшло шмат аматараў. Матч пачаўся з актыўных дзеянняў гаспадароў.

 

Ужо на 5 хвіліне галкіпер гасцей ратуе сваю каманду. Крывабок, які атрымаў мяч ад Савіцкага, другім дотыкам прабіў па варотах пад перакладзіну, але Лесько адбіў на кутні. На 23 хвіліне пасля падачы з флангу, капітан «Нёмана» Іван Дзенісевіч не галавой, а плячом прабівае прама пад перакладзіну, апынулася небяспечна, але зноў на вышыні галкіпер гасцей.

 

Праз 3 хвіліны госці намаганнямі Паўлючака выходзяць наперад. Гігевіч разыграў углавы з Разіным, той у штрафной знайшоў Паўлючака, Паўлючак з лініі плошчы варот бесперашкодна забівае мяч у браму «Нёмана» – 0:1. Другі тайм, як і першы, гаспадары правялі ў нападах. Савіцкі .. Сучкоў … Дзенісевіч… Кавалёнак, які выйшаў на замену… Усе білі па варотах, і трэба аддаць належнае Лесько, які адыграў матч выдатна.

 

Эмоцыі на матчы зашкальвалі, на 87-й хвіліне здарылася бойка паміж камандамі, вынікам стала другое папярэджанне Сучкову, Аляксей пакінуў поле. У канцы матчу «Мінск» гуляў строга ў абароне, тым самым не даў «Нёману» хаця б зраўняць лік. «Мінск» павёз з Гродна 3 ачкі. А што тычыцца «Нёмана», то гульня пацешыла, але пакутуе рэалізацыя.

 

Каментары у часе прэс-канференцыі

Сяргей Саладоўнікаў («Нёман): Гульцоў падвяла рэалізацыя момантаў. Усе 2 тайма мы атакавалі і гулялі ў сур’ёзны футбол. Напэўна, у гэтай гульні мы стварылі момантаў на цэлы круг чэмпіянату. На жаль, нас падвяла рэалізацыя галявых момантаў. І я рады, што гэтыя моманты ўзнікалі дзякуючы арганізаваным дзеянням. Але тут нічога не зробіш – трэба забіваць: без галоў няма перамогі.

 

Вадзім Скрыпчанка («Мінск): У першую чаргу, мы рады перамозе. За той кароткі час, што мы разам, не ўсё атрымлівалася так, як хацелася. Не зусім атрымліваўся кантроль мяча, да таго ж, «Нёман» аказваў моцны ціск. Але я вельмі рады, што мае падапечныя праявілі байцоўскі характар, справіліся і вытрымалі. Я лічу, што сённяшні паядынак павінен быў завяршыцца ўнічыю, улічваючы колькі момантаў мог рэалізаваць «Нёман». Грубыя дзеянні не фарбуюць футбалістаў. Ні Лёшу Сучкова, ні Рому Васілюка. Іх імідж досыць высокі, таму часам трэба сябе стрымліваць. Лічу, што суддзя разабраўся з эпізодам ў канцы матчу. Сучкоў заслугоўваў другой карткі.

 

Адзін з лідэраў «Нёмана» Ігар Крывабок даў кароткае інтэрв’ю : «Калі шчыра, то гэтая гульня мне нагадала матч сезону 2007 года, калі «Нёман» гуляў супраць брэсцкага «Дынама». Тады мы згулялі 2:2. Таксама амаль усю гульню валодалі перавагай, стварылі кучу галявых момантаў, два рэалізавалі, а вось потым … Мне здаецца, гэта проста збег абставінаў. Натуральна, што ўсе засмучаныя, але духам не падаюць, настроены на перамогу і вераць толькі ў лепшае. Пройгрыш згуртоўвае каманду не менш, чым перамога, а часам і яшчэ мацней».