Літва гатова пачаць рэалізацыю пагаднення аб спрошчаным перасячэнні мяжы з Беларуссю
У рашэнні гаворыцца, што Літва гатова да рэалізацыі пагаднення, хоць прызнае існаванне праблем, звязаных з недастатковай прапускной здольнасцю кантрольна-прапускных пагранічных пунктаў, інфраструктура якіх мае патрэбу ў мадэрнізацыі.
Неабходна адкрываць і новыя пункты.
У сувязі з гэтым Камітэт па замежных справах парламента Літвы звярнуўся да міністэрстваў замежных спраў, транспарту і камунікацый, унутраных спраў, фінансавага ведамства Літвы з прапановай у бліжэйшы час выпрацаваць план дзеянняў для мадэрнізацыі пунктаў пагранкантролю на граніцы Літвы і Беларусі.
Камітэт таксама выказаў занепакоенасць існаваннем вялікіх чэргаў грузавых аўтамабіляў на граніцах і заклікаў адказныя за гэта міністэрствы і ведамствы разабрацца ў прычынах доўгіх чэргаў і прыняць адпаведныя меры для іх змяншэння.
Паводле слоў намесніка кіраўніка парламенцкага камітэта па замежных справах Літвы Юстынаса Каросаса, ажыццяўленне пагаднення аб спрошчаным перасячэнні граніц Беларусі і Літвы для жыхароў прыгранічных раёнаў прынцыпова важнае.
“Мы за тое, каб людзі размаўлялі, – сказаў Юстынас Каросас. – Гэтымі днямі мы правялі выязное пасяджэнне нашага камітэта ў прыгранічным з Беларуссю раёне Эйшышкес, наведалі некалькі кантрольна-прапускных пунктаў, высветлілі іх праблемы.
Жыхары вёсак па абодва бакі граніцы ў хуткім часе змогуць перасякаць яе праз гэтыя невялікія КПП.
З нашага боку прыняты ўжо меры для выканання пагаднення, нават надрукаваны бланкі дакументаў.
Мы далі дабро і чакаем адпаведнага рашэння Беларусі”.
Двухбаковае пагадненне Беларусі і Літвы аб спрошчаным парадку перасячэння граніцы было падпісана 20 кастрычніка 2010 года ў Мінску, а ў 2011 годзе яго ратыфікавалі парламенты дзвюх краін.
У пагадненні прадугледжана, што жыхары дзвюх краін, якія пражываюць на тэрыторыі, што ўваходзіць у 50-кіламетровую зону ад граніцы, змогуць перасякаць яе па спецыяльных дазволах і знаходзіцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы да 90 дзён на працягу паўгода.
Дазволы, якія будуць выдавацца на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў, будуць каштаваць 20 еўра.
На атрыманне дазволу могуць разлічваць пастаянныя жыхары прыгранічных тэрыторый, у якіх ёсць сваяцкія сувязі або якія з абгрунтаванымі эканамічнымі, гандлёвымі, культурнымі і іншымі важнымі мэтамі плануюць наведаць прыгранічную тэрыторыю сумежнай дзяржавы. Гэтыя дазволы не будуць прадастаўляць правы на работу.
У Літве правам спрошчанага перасячэння граніцы змогуць скарыстацца каля 800 тыс. чалавек. Гэта жыхары Вільнюса, Друскінінкая, Ігналіны, Варэны і інш.