Другі аукцыён па продажы гродзенскага бровара скончыўся нічым

|

Гэта была ўжо другая спроба прадаць адразу ўсю маёмасць піўзавода. Першы аукцыён, прызначаны на 14 сакавіка, не адбыўся па той самай прычыне. Першапачатковы  кошт прадпрыемства  –  11,3 мільярды рублёў. Учора за яго прасілі ўжо на 20% менш.

 

Як паведамілі “Твайму стылю” ў адміністрацыі УДП “Гродзенскі піўзавод”, чарговая спроба знайсці новага ўладальніка маёмасці хутчэй за ўсё будзе зроблена  26 красавіка. Гэтым разам першапачатковы кошт знізіцца на 50% і складзе прыкладна 5,66 мільярды беларускіх рублёў. Інвестары нібыта цікавяцца магчымасцю набыцця маёмасці ў цэнтры Гродна, але насцярожвае іх тое, што ў комплексе выстаўленых на аукцыён будынкаў некаторыя маюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

 

Паводле закона РБ “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, іх новы ўладальнік павінны будзе цягам месяца заключыць новыя ахоўныя абавязацельствы і несці адказнасць за захаванне знешняга выгляду гістарычных будынкаў у нязменным выглядзе. Гэта звязвае рукі інвестарам, тым больш, што будынкі цягам апошніх 5 гадоў не выкарытоўваюцца і выглядаюць не лепшым чынам.

 

Да таго ж тэрыторыя піўвавода знаходзіцца ў турыстычнай зоне, таму разгарнуць тут вытворчасць інвестарам не дазволяць. СЭЗ “Гроднаінвест” мае некалькі варыянтаў развіцця гэтых тэрыторый і могуць прапанаваць іх інвестарам. Калі наступны аукцыён па продажы маёмасці піўзавода скончыцца зноў нічым, першапачатковы кошт бровара будзе зніжаны на 70%. Калі і гэта не дапаможа знайсці пакупніка,  маёмасць бровара будзе прапанавана крэдыторам, а ў выпадку іх адмовы пяройдзе ў камунальную маёмасць.

 

Гродзенскі піўзавод быў пабудаваны ў 1877 годзе купцом Кунцам для вырабу  піва па аўстрыйска-германскай тэхналогіі. У апошнія гады лёс стратнага прадпрыемства асабліва клапоціць гродзенскія ўлады. У 2008 годзе крэдытарская запазычанасць прадпрыемства складала 2,5 мільёны даляраў ЗША, абсталяванне фізічна і маральна састарэла.

 

Тады ж для стварэння устойлівага механізма атрымання заводам стабільнага прыбытку ўзнікла ідэя стварыць на тэрыторыі завода ў гістарычным цэнтры Гродна гатэльна-забаўляльны комплекс  і музей піва.
Інвестпраект прадугледжваў будаўніцтва трохзоркавага гатэля на 50-60 месяцаў, стварэнне моладзевага забаўляльнага цэнтра.

 

У межах працы музея піва планавалася вырабляць 300-350 тыс.дал “жывога” піва ў год. На рэалізацыю праекта патрабаваліся інвестыцыі ў памеры 11,1 мільёны даляраў ЗША. Праект так і застаўся праектам.

 Здымак з сайта http://grodno-region.gov.by