На рэтрацягніку з Гродна ў Парэчча

|

Цягнік маркі “ЭР” зараз дарабляюць у лакаматыўным дэпо Крычава. У чэрвені-пачатку ліпеня ён будзе афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю.

 

Маршрут Гродна-Парэчча абраны невыпадкова – тут у 1851-1862 гадах быў пабудаваны першы чыгуначны ўчастак у Беларусі.

 

Па словах намесніка міністра спорту і турызму Чэслава Шульгі, ідэя “падгледжана” ў Сербіі, дзе рэтрацягнік курсуе па знакамітаму пасёлку Эміра Кустурыцы, які называецца Дрвенград. У Беларусі будзе створана нешта падобнае.

 

У складзе рэтрацягніка будуць вагоны першага, другога і трэцяга класаў, вагон-рэстаран, дзе абслугоўваць пасажыраў будуць афіцыянты ў форме 19 стагоддзя.

У самім паравозе арыгінальнай пакінуць кожную дэталь і першапачатковы чорны колер.

 

Цягнікі  маркі “ЭР” выпускаліся з 1912 да 1957 году. Па колькасці  (каля 11 тысяч) і агульнай працягласці выпуску гэты паравоз лічыцца абсалютным рэкардсменам у свеце.

 

У будынку дэпо 19 стагоддзя ў Парэччы плануецца стварыць інтэрактыўны музей чыгуначнага комплекса.

Ён дазволіць наведвальнікам віртуальна ўдзельнічаць у падзеях мінулага, напрыклад, будаўніцтве чыгункі.

 

Будынкі побач з чыгуначным вакзалам аформяць у стылі 19-пачатку 20 стагоддзя.

На самім вакзале размесцяцца гасцінічныя нумары, музейныя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі станцыі і падзеям паўстання 1863 года. У старым пакгаўзе будзе працаваць карчма.

 

Паводле http://www.tio.by