Размова з фанаткай аб футболе, аматарстве і жыцці
– У нашым футбольным свеце ты вядомая пад імем «Lambretta». Чаму?
– Вельмі спадабалася назва фірмы па вырабу адзення і мотаролераў (усміхаецца). З тых часоў я і стала Lambretta.
– Як будзе дакладней цябе называць – фанатка або заўзятарка?
– Напэўна – фанатка, балельшчыцай я была гадоў у дзесяць, калі ўпершыню прыйшла на футбол. Прывёў мяне хросны бацька.Усё падабалася, захоплівала! І вось у 2007 годзе, тады яшчэ на 9-м сектары пачалі сваё жыццё «Нёман Суппортерс 12» (цяпер Grodno Ultras), пачала актыўна падтрымліваць клуб.
– Што для цябе значыць клуб?
– Футбольны клуб, за які ты па-сапраўднаму хварэеш – гэта адна з нямногіх рэчаў у жыцці, якія бываюць назаўсёды…
– Футбольны фанатызм – часцей «хвароба» мужчынская. А ты маленькая, далікатная дзяўчына ды побач з такімі хлопцамі. Не страшна табе?
– Не, не страшна, вядома. Многіх ведаю не адзін год, як родныя сталі, нават стала хроснай мамай сына аднаго нашага фаната. Футбол аб’ядноўвае. Усё паўтараецца, хутка хрэсніка на футбол павядзем.
– Сама калі-небудзь хадзіла ў секцыю футбола? Адчувала на сабе тое, за чым назіраеш на працягу дзясятка гадоў?
– На секцыю не хадзіла, але пару разоў у двары гуляла, дадому прыходзіла ў сіняках і гузах. Не-е-е, гульня ў футбол – не маё адназначна, я лепш пагляджу!
– Як праўдзівая фанатка каманды, раскажы як правільна трэба хварэць за каманду?
– Ды якія тут могуць быць правілы? Галоўнае ад душы і шчыра падтрымліваць каманду пры любым выніку.
У часе жараб’ёўкі
– А як табе ўдалося патрапіць на ўсе хатнія матчы і выезды каманды? Бо акрамя футбола, ёсць жа і асабістае жыццё.
– На ўсё хапала часу: футбол – раз на тыдзень, а то і радзей. Часам бывае цяжка, далёкая дарога стамляе, але ў выніку гэта таго варта. Неяк ўсё выйшла само сабой, практычна на ўсе выезды без праблем атрымлівалася ездзіць, часам былі праблемы ў буднія дні. І яшчэ. Акрамя таго, што падтрымліваеш каманду, глядзіш гарады Беларусі. Гэта ж выдатна! Самы далёкі, напэўна, Гомель (не ўлічваючы нядаўніх Хойнікаў). Усе выезды ў Гомель апынуліся выдатнымі, можна як на курорт ездзіць – Сож, сонца, ды горад прыгожы. Выдаткі невялікія, а што мне трэба? Перакусіць, папіць сочку, ды набыць квіткі на цягнік і футбол. Праблемы бывалі са зваротнай дарогай: футбол ўвечары, цягнікі сышлі, вось і прыходзілася дабірацца з перасадкамі.
Са старшынёй ФК “Нёман”
– Колькі ў цябе ўжо выездаў у іншыя гарады?
– Пасля Хойнікаў ужо 63.
– А часу на асабістае жыццё хапае? Праца, вучоба, сям’я …
– Вучуся ў Мінску, з нядаўняга часу перайшла на завочнае, чаму вельмі рада: часу больш і сэнсу таксама. Жыву цяперашнім, планы на будучыню, вядома, ёсць, але яны няхай застануцца пры мне.
– Асабістае жыццё сумяшчальна з футболам?
– Усё можна сумясціць пры жаданні.
– У цябе ёсць хобі, акрамя футбола? Чым ты займаешся ў вольны час?
– Люблю фатаграфаваць на аматарскім узроўні. Пішу справаздачы пра нашыя хатнія матчы і на выездах, таксама падабаецца. Хаця, што цікава, у школе сачыненні жудасна не любіла пісаць, а цяпер – наадварот. Як бы смешна не гучала, калекцыянірую плюшавых мядзведзяў.
– З цягам часу на футбол у Гродна прыходзіць усё менш людзей. Можна ўспомніць пачатак 2000 гадоў, калі стадыён ёмістасцю 14 тысяч, мясціў 15, а то і 16 тысяч чалавек. А зараз ледзь-ледзь 3-4 тысячы набіраецца. Як ты думаеш, якім чынам у Гродна можна вярнуць цікавасць да футболу?
– Як бы сумна не гучала, але гэта напрамую залежыць ад гульні каманды … Барацьба за выхад у фінал, хатняя гульня з «Белшынай» – тады амаль увесь стадыён быў забіты. Нават бясплатны ўваход на стадыён не ўплывае на наведвальнасць. Справа не ў кошце квітка. Глядзіце, хакейны «Нёман» зайграў, так і квіткі цяжка дастаць. Вось і напрошваецца выснова …
– Хочаш сказаць, калі будзе станоўчая гульня з боку «Нёмана», тады і людзі падцягнуцца?
– Так і будзе, ну вось гэтыя 3 тысячы будуць хадзіць пры перамогах і паразах, як сапраўдныя заўзятары. А астатнія – паглядзець менавіта цікавую гульню. Такія рэаліі футбола. Адзначу, што і з гэтых 3 тысяч аматараў знаходзяцца тыя, хто сыходзіць да фінальнага свістка.
Футбол – гэта пастаянная змена настрою
– Футбол – вялікае свята. У такіх краінах як Англія, наведвальнасць вельмі вялікая. Футбол там наведваюць цэлымі сем’ямі ў незалежнасці ад узроўню каманды і яе выніку, ці гэта «Арсенал» ці які-небудзь «Ноцінгем» з 5-га дывізіёна. Як бы нам прыцягнуць народ на футбол? Каб людзі хадзілі не толькі на «прагляд», але і жылі ў чаканні наступных матчаў.
– Народ у нас іншы, і ўсё ў нас іншае … І кашу ім салдацкую рабілі, і канцэрты, і свабодныя ўваходы … Не ведаю, што трэба. Раней усё прасцей было ў гэтым плане, цяпер забаронаў шмат, ну і не падабаецца, верагодна, назіраць за гульнёй.
– Па аповядах многіх аматараў яшчэ савецкай загартоўкі, мужыкі у той час на футбол прыходзілі адпачыць пасля працоўнага дня або тыдня… Або ад сваіх жанчын. Стадыён быў поўны: нават на дрэвах сядзелі, на дахах дамоў мясціліся, каля агароджы стаялі. Тады можна было піць, паліць і крычаць ад душы. Як ты да гэтага ставішся?
– Ну да палення і алкаголю стаўлюся адмоўна і наогул да яго не стаўлюся. Але хіба дарослыя мужчыны не могуць сабе гэтага дазволіць? У разумных межах, натуральна. Гэтая тэма глабальная, ледзь не для правядзення апытанняў, таму для гэтага можна зрабіць асобны артыкул.
– Твае пажаданне ўсім заўзятарам і фанатам «Нёмана».
– Любіце і паважайце нашу каманду такой, якая яна ёсць. Ёй заўсёды патрэбна наша падтрымка, тым больш пры паразе. Таму як казаў Ігар Каленькоў «любіце футбол, глядзіце футбол, гуляйце ў футбол і будзьце здаровыя».