Гарадзенскі гадавік – навуковы расповяд пра Гродна

|

Як распавядае Павел Мажэйка, каардынатар кніжнай серыі «Гарадзенскай Бібліятэкі»: «Гэтае выданне разлічана выключна на акадэмічны асяродак, я б сказаў, што большая яго частка – гэта новыя даследванні. Гэта робяць навукоўцы для навукоўцаў. Само выданне – 120 старонак, багата ілюстрацый, фармат выдання А4».

 

Нумар цалкам прысвечаны гісторыі гарадзенскага Рынка – плошча Савецкай сёння. Першы нумар «Гарадзенскага гадавіка» ініцыяваў і рэдагаваў доктар гісторыі Юра Гардзееў. У прадмове да выдання доктар гісторыі Юры Гардзееў распавядае наступнае:

 

– Патрэба з’яўлення часопіса, які вы трымаеце ў руках, наспела даўно. Не сакрэт, што ў беларускай культурнай прасторы менавіта Гародня можа пахваліцца сваёй спадчынай, шматлікімі гісторыка-культурнымі помнікамі, іх мастацкай стылёвай разнастайнасцю, а праведзеныя за апошнія сто год археалагічныя доследы дазволілі прыадчыніць заслону не адной таямніцы нашай багатай даўніны.

 

Першы нумар «Гарадзенскага гадавіка» прысвечаны гісторыі даўняга гарадзенскага Рынка, эвалюцыі ягоных прасторава-архітэктурных форм, якія магчыма прасачыць дакументальна, а гэтак жа яго археалагічнаму вывучэнню. Стваральнікі часопіса і яго аўтары спадзяюцца на тое, што галоўная прэзентацыя гэтага выдання адбудзеца ў траўні. Таксама яны спадзяюцца на тое, што ў будучыні смогуць замахнуцца на перыядычнасць выдання.