У “Каменным Логу” затрыманы іншаземец з падробнымі дакументамі
Смаргонскім памежнікам ён прад’явіў пашпарт грамадзяніна Бельгіі.
Аднак спецыяльная праверка дакумента паказала, што старонка пашпарта заменена.
Парушальнік прызнаўся, што ў Беларусь прыехаў з С.-Пецярбургу на цягніку.
Для разбіральніцтва ён затрыманы на трое сутак.
Штогод толькі на беларуска-літоўскім участку мяжы беларускія памежнікі затрымліваюць дзесяткі нелегалаў, якія трапляюць у Беларусь з трэціх краін і імкнуцца на тэрыторыю Еўрасаюза.
Сёння, пішуць naviny.by, ананімная крыніца з Дзяржаўнага памежнага камітэту ў інтэрвью БелаПАН заявіла, што “ва ўмовах санкцый з боку Еўрапейскага саюза кіраўніцтва краіны вырашыла перагледзіць свае падыходы да арганізацыі аховы мяжы з краінамі ЕС”.
А менавіта: “Прыярытэт будзе аддадзены кантролю за ўездам у Беларусь, тады як раней намаганні па забеспячэнні памежнай бяспекі на ўезд і выезд былі размеркаваны раўнамерна”.
Эксперт у галіне бяспекі Аляксандр Алесін заявіў, што “тэхнічна прыкрыць вочы на нелегалаў нескладана”.
Паводле яго, у нас знаходзяцца сотні, нават тысячы людзей, пераважна з усходу, для якіх Беларусь – толькі перавалачная база на шляху ў Еўрасаюз.
Дагэтуль іх даволі эфектыўна адлоўлівалі.
Калі фільтр прыбраць, памежныя службы суседніх краін насамрэч трапяць у складаную сітуацыю, бо іх фільтры не такія моцныя.
Аднак Алесін моцна сумняецца, што нашым памежнікам сапраўды дадуць такі загад.
Паводле http://gpk.gov.by , http://naviny.by