Дзеткі і класічная музыка. Чаму не?

| Без катэгорыі

Чаму ўнікальны? Мерапрыемства сур’ёзнае (класічная музыка!), аднак аўдыторыя, скажам так, вельмі жвавая. Наймалодшаму гледачу было ўсяго некалькі месяцаў.

 

На канцэрце дзеткам можна было скакаць, бегаць, поўзаць ды ўсяляк перашкаджаць музыкам, – студэнтам музычнага коледжа.

Што не перашкодзіла апошнім на ўсе сто выканаць сваю праграму,  у якую ўваходзілі творы  як сусветнавядомых аўтараў, так і сучасных беларускіх кампазітараў.

 

 

Гэта ўжо трэці  такі канцэрт у сценах музея.

 

Першы прайшоў у лістападзе 2011 года і быў прысвечаны сусветнаму тыдню слінганашэння. Прадстаўнікі гарадской ініцыятывы “Дзеці і бацькі Гродна”, якая і была арганізатарам і пачыналькам гэтай традыцыі,  шукалі месца правядзення падобных мерапрыестваў.

 

Я шукала залю з добрай акустыкай. Мне параілі звярнуцца ў музей гісторыі рэлігіі, кіраўніцтва якога прыязна ставіцца да новых і крэатыўных мерапрыемстваў , – распавядае Ганна Кузняцова. – Сабраць калектыў музыкаў дапамог выкладчык  Гродзенскага дзяржаўнага музычнага коледжа Дзмітрый Уладзіміравіч Сёмаў, таксама ў мерапрыемстве брала ўдзел выкладчыца класа домры Вольга Палкіна разам са сваімі выхаванцамі.

 

Ідэя такіх дзіцячых канцэртаў  прыжылася, і ўжо перад Раством быў праведзены другі канцэрт. Кіраўніцтва не прагадала – мала які музей ці іншая канцэртная пляцоўка можа  пахваліцца такой аўдыторыяй.

 

 

Апошні  канцэрт быў прысвечаны Вялікадню. 

 

Спецыяльна прадуманая праграма ўключала ў сябе, акрамя канцэрта, пазнавальны расповед, ужо больш для бацькой, пра вытокі святкавання Вялікадня, працавала выстава велікодных сувенірных яек з уласнай калекцыі музея і матушкі Серафімы.

З запаснікаў былі дастаныя ўнікальныя іконы і рэлігійнае адзенне з цікавай вышыўкай.

 

 

Пра гісторыю і сімволіку  гэтых рэчаў распавяла прысутным  намеснік дырэктара Святлана Ходар.

 

Пасля канцэрта кожны маленькі слухач атрымаў у падарунак тэматычную велікодную размалёўку.

 

Бацькі Гродна вельмі ўдзячны музею за такую добрую традыцыю, якая  дазваляе сабрацца разам дзеткам рознага ўзросту, далучыць іх да прыгожага, увесці ў дзівосны свет класічнай музыкі.

 

У планах музея і бацькоўскай ініцыятывы  – працяг супрацоўніцтва і правядзенне наступных музычна-пазнавальных  вечарын.