Эпісталярны эпас Ларысы Геніюш прэзентавалі ў Воўпе
Месца для прэзентацыі было абрана невыпадкова. Менавіта тут, у Ваўпянскай царкве, славутая беларуская паэтка ў 1935 годзе брала шлюб.
Кніга змяшчае ў сабе ўсё дагэтуль невядомае.
Паэтка кожны дзень пісала па некалькі лістоў у якіх фіксавала свой душэўны стан і падзеі, якія адбываліся.
Літаратуразнаўца Міхась Скобла параўнаў творчасць Л. Геніюш з бяздонным калодзежам.
– Чым больш чэрпаеш ваду, тым яна чысцейшая. Так і лісты Ларысы Геніюш, – гаворыць спадар Міхась.
Вучні сярэдняй школы зрабілі падарунак – чыталі вершы не толькі Л. Геніюш, а і прысутных паэтаў.
Ілля Губарэвіч чытае верш Л. Геніюш “Зубры”
На пытанне, што было самым запамінальным пры вывучэнні творчасці Л. Геніюш, спадар Міхась распавёў наступнае:
– У Менску год таму а 18.50 у метро загінулі людзі.
За тры хвіліны да выбыху я прыбыў на гэтую станцыю метро.
Штосьці мне раптам падказала, каб я выйшаў наверх.
Наверсе над метро месціцца кнігарня, у якой прадавалася кніжка “Гасціна”. У гэты момант нешта мне падказала выйсці і набыць гэтую кніжку.
Як тольклі я выйшаў з метро, зямля пада мною ўздрыганулася…
Мяне выратавала Ларыса Геніюш.
Я веру, што такія людзі як Ларыса Геніюш спрыяюць нам.
Сяргей Чыгрын і Міхась Скобла
За самыя цікавыя пытанні, якія былі зададзены аўтарам, школьнікі атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі’.
Здымкі аўтара