Гульня «Нёман» – «Дынама»: незалічаны гол, абураныя фанаты і задаволены трэнер
У сонечны і гарачы дзень футбол пачынаўся ў цэнтры горада, адкуль мясцовыя фанаты ФК «Нёман» арганізавалі марш па вуліцах горада да стадыёна.
Здавалася б, надвор’е добрае, свята – футбол, усё законна, але міліцыя згуляла сваю ролю: яшчэ да матчу, падчас маршу, адбылося некалькі інцыдэнтаў з супрацоўнікамі. Праўда, затрыманняў не было.
На стадыёне фанаты сутыкнуліся яшчэ з адной проблемай: кожны фанат 21-га сектара павінен быў даць свае дадзеныя інспектару, якi іх фіксаваў, а потым яшчэ прыходзiлася міла размаўляць з чалавекам у цывільным… на камеру.
На адказ «Я не хачу», цывільны грамадзянін прапаноўваў пакінуць стадыён.
Пустая фанацкая трыбуна
На першай хвіліне гульні фанаты «Нёмана» дэманстратыўна сабралі сцягі, банеры і пакінулі свой сектар у знак пратэсту супраць дзеянняў міліцыі, якая забараніла развешваць сцягі і фатаграфаваць перфоманс.
У след фанатам прагучала ад супрацоўнікаў міліцыі ветлівае: «Гэта вам не дапаможа».
Гульня пачалася без мясцовай падтрымкі. У той жа час на сектары «Дынама» адбываўcя аншлаг, бо гасцей з Мінска прыехала каля 300…
У стартавым складзе «Нёмана» выйшаў Дзмітрый Кавалёнак – лепшы бамбардзір каманды.
У гульні брамнік “Нёмана” Сяргей Чэрнік
З пачатку матча «Нёман» пайшоў у атаку, камандзе хоць як трэба было рэабілітавацца за паразу ад «Мінска» у паўфінале Кубка Беларусі.
«Нёман» выглядаў добра: шматлікія камбінацыі, напады прыводзілі пагрозу да брамы Сулімы.
У адным з момантаў Кавалёнак забіў свайму былому аднаклубніку, але мяч залічаны не быў, суддзя зафіксаваў становішча па-за гульнёй.
Атакуе Павал Савіцкі
Першы тайм гродзенцы гулялі лепш гасцей. У другім тайме «Нёман» яшчэ больш стаў пагражаць варотам «Дынама»: у адзін з момантаў Кавалёнак трапіў у перакладзіну, пасля чаго пашкодзіў нагу і быў вымушаны замяніцца.
Пасля яго гульня «Нёмана» стала сумнай. Да канца матчу. Зноў няма галоў, няма перамог.
Пасля 7 тураў «Нёман» займае 8 месца з 6-ю ачкамі ў актыве.
Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Саладоўнікаў пракаментаваў нічыю з «Дынама»:
– Мы былі вінаватыя перад нашымі заўзятарамі. Амаль усё ў футболе залежыць ад псіхалогіі, таму, магчыма, гульцы не вытрымалі ціску.
Мы правялі сёння моцны матч. Я не памятаю каманды, якая стварала б столькі момантаў у гульні з «Дынама».
Спадзяюся, што гэты станоўчы зарад мы пранясём да наступных паядынкаў.
Фота: Lambretta, афіцыйны сайт ФК “Нёман”