Ашуканства пры «дапамозе» міліцэйскіх штаноў
Як паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС, малады чалавек вечарам 3 лютага ў дызель-цягніку № 6363 Лунінец — Драгічын назваўся супрацоўнікам міліцыі і ашуканскім шляхам выкраў у 20-гадовага жыхара Пінска пнеўматычны пісталет МР-654 коштам больш за 1,2 мільёна рублёў. Цяпер падазроны знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Як раней паведамляў БелаПАН, у цягніку зламыснік, на якім былі міліцэйскія штаны, убачыў, што адзін з пасажыраў адкрыта носіць за поясам пісталет. Ён вырашыў скарыстацца наяўнасцю форменнага адзення і завалодаць зброяй. Падышоўшы да маладога чалавека, назваўся міліцыянерам і папрасіў паказаць дазвол на захоўванне пісталета. Збянтэжаны пасажыр, які пакінуў дома неабходныя дакументы, добраахвотна аддаў зброю па першым патрабаванні.
Праз некалькі дзён малады чалавек з’явіўся ў дзяжурную часць РАУС. Яму паведамілі, што супрацоўніка з названым прозвішчам не існуе. Неадкладна ашуканы звярнуўся з заявай пра махлярства.
Пакуль праваахоўнікі шукалі зламысніка, той паспеў прадаць пісталет знаёмаму за 500 тысяч рублёў і патраціць грошы. Следчыя і аператыўныя работнікі правяраюць затрыманага на дачыненне да іншых злачынстваў, у тым ліку з выкарыстаннем выкрадзенай зброі.