Безбар’ернае асяроддзе ў камунікацыі і прасторы – дыскусія ў Гродне
У Гродне, як і ў любым горадзе любой краіны, жывуць людзі з разнастайнымі фізічнымі асаблівасцямі.
Як часта іх можна бачыць на вуліцах і ў крамах, на працы і ў школе, тэатрах і кіно?
У якія асяродкі і супольнасці могуць уключацца гродзенцы з абмежаванымі магчымасцямі?
Дзе могуць вучыцца, працаваць і адпачываць людзі ў любым стане здароўя?
Не заўжды даступнасць такіх месцаў вымяраецца ступенню выкананасці дзяржаўнай праграмы “Безбар’ернае асяроддзе”.
Як пераадолець цяжкасці і стэрэатыпы ў камунікацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і без іх? Хто зруйнуе бар’еры паміж намі?
Гаворка пра гэта пойдзе на дыскусійнай пляцоўцы, да ўдзелу ў якой запрошаны людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі і апекуны, сябры “Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў”, “Гродзенскага дзіцячага хоспіса”, ініцыятыўнай групы “Крок насустрач”, эксперты “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”, журналісты.
Хрысціна Марчук, каардынатар дыскусійнай пляцоўкі:
– Тэма актуальная, балючая.
Усім вядома, што безбар’ернага асяроддзя ў нас фактычна няма: пандусаў, ліфтаў, аўтобусаў, інфраструктуры, прыстасаванай для людзей з фізічнымі абмежаваннямі.
Ці вялікі выбар месцаў працы для гэтых людзей?
Вырашэнне гэтых пытанняў перадусім залежыць ад дзяржавы, бізнеса, а што мы, звычайныя людзі?
Я пачала думаць, размаўляць з экспертамі і зразумела, што ад звычайных людзей таксама шмат залежыць, каб людзі з фізічнымі абмежаваннямі адчувалі сябе камфортна.
Вельмі важна, каб кожны з нас ведаў, чым мы можам быць карыснымі адзін аднаму.
Падчас мерапрыемства можна будзе даведацца пра інтэграцыйныя гурткі, курсы, месцы працы і вучобы ў Гродне, дзе могуць праводзіць час і самарэалізоўвацца людзі з рознымі фізічнымі асаблівасцямі.
Мадэратар дыскусіі – эксперт “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” Галіна Крот.
Мерапрыемства адкрыта для ўсіх зацікаўленых.
Ахвотныя паўдзельнічаць могуць заяўляцца па адрасе 3sektar@gmail.com альбо па тэлефоне 8029 7843221.
Дыскусійная пляцоўка ладзіцць 10 мая па адрасе: вул.Будзёнага, 48а-100.
Пачатак у 18 гадзін.
Здымак з сайта http://molod.arhcity.ru