Змяіная выспа Афіны Палады (з цыклу «Споведзь авантурыста»)

| Без катэгорыі

– Сп. Анатоль, дзе і калі ўсё адбылося?

– Адбылася гэтая гісторыя каля 1988 г., падчас маёй працы на флоце ў Паўднёва-усходняй Азіі. Мы праходзілі каля невялічкай выспы Фукуі ля В’етнамскага ўзбярэжжа – яна уяўляла з сябе верхаліну патухлага вулкана са стромкімі берагамі. Добра запомнілася тамтэйшая глеба – чырвоная і лёгкая нібы пух, то бок, нават не паспела яшчэ геалагічна сфармавацца. Спытаўшыся аб якасцях глебы, можна праверыць, ці быў чалавек на такіх выспах, напрыклад: «Ты ўпаў там, вымазаўся, увесь чорн быў?» – «Не, чырвоны!» – адкажа ён, калі не брэша.

 

– То бок, на выспу вас прывяла праца?

– Супакойся, капітан сабраў усіх у каюткампаніі і кажа: «Хлопцы, трэба трошку адпачыць, усе стаміліся» (акрамя гэтага яго каханка-буфетчыца захацела на пляж). У цэнтар была дасланая хлуслівая радыяграма аб тым, што мы зніжаем хуткасць; насамрэч мы яе падвысілі, каб мець у запасе свабодны дзень для адпачынку. Я стаяў на стырне, таму ўсё гэта дакладна памятаю. У выніку падыйшлі да выспы, судна засталося на рэйдзе, мы спусцілі бот і высадзіліся – чалавек 10 недзе.

 

Фота з выспы зроблена яшчэ на старой савецкай плёнцы (за архіву сп. Анатоля)


– Што далей?

– Хлопцы засталіся на пляжы, а я пайшоў на выведку, цікава ж. Знайшоў плуг, матыгу, кошык на спіну – прадметы ўжытку мясцовых сялянаў; з імі і сфатаграфаваўся. Пайшоў, дурань, басанож, чаго было рабіць нельга. Думаў, што не на доўга, аднак падняцца хацелася вышэй і вышэй. Сельска-гаспадарчыя тэрасы былі закінутыя і паспелі зарасці жудаснымі калючкамі – ніхто іх не апрацоўваў. Кроў на нагах засыхала хутка – надта было горача.

Праз нейкі час я ўбачыў у далечыні будан – з дзіравым дахам з пальмавага вецця. Зайшоў, што таксама было глупа, бо выспа была поўная змеяў, а на мне – толькі плаўкі. Высноваў з мінулай сваёй прыгоды, калі ў В’етнаме нас ні за што абстралялі з мінамёта, канешне, не зрабіў – дурням шчасціць (смяецца). Пры гэтым любая рана ў тропіках нясе падвойную небяспеку – я кажу аб паразітах і хваробах, якія толькі чакаюць зручнага моманту. Калі беламу чалавеку своечасова не аказаць медыцынскай дапамогі – «пішы прапала».

 

– А што было ў будане?

– Бачна было, што пэўны час таму ўнутры нехта спаў: на бамбукавых жэрдках яшчэ не згнілі парэшткі травы. Побач было вогнішча з неабкатаных грубых камянёў. Я ўбачыў тумбачку, спачатку адчыніў шуфляду – там быў нож ды двухканцовы відэлец – яго я запомніў. Спадзяваўся ж знайсці скарб, канешне – манеты, упрыгожванні – як ў Стывенсана! (Смяецца). Пад шуфлядай была дзверца адвісшая са складзеных разам тонкіх бамбукавых кіёчкаў. Адчыняю асцярожна, а там… Афіна!

 

– Скульптура, якую ты бачыш перад сабой, знойдзеная на пустой вулканічнай выспе са змеямі ў Паўднёвай Азіі! Побач было толькі падабенства самаробнага нажа без драўлянай ручкі. Затрымлівацца не стаў – скульптуру ў рукі і на бераг!

 

– Хлопцы ацанілі здабытак?

– Ведаеш, савецкія матросы і антыкврыят – дзве рэчы несумесныя. Сказалі нешта кшталту: «Ну, ах…нна, б….ць!» (смяецца).

 

– Пасля ты яе прывёз у СССР?

– Так, праз пару год я ад’ехаў у ЗША, а яна засталася тут, у гарадзенскай кватэры. Зараз жа хачу прадаць – але толькі на «Сотбіс» (смяецца). Як кажуць, «дурань думкай багацее». Дарэчы, прайшло шмат год, і ў каланіяльным музеі ў Мілфардзе, штат Н’ю Джэрсі, я ўбачыў такі самы відэлец як там, у шуфлядзе на выспе. Усё гэта, хутчэй, калісці належыла французскім каланістам, яшчэ да Хо-Шы-Міна і амерыкана-в’етнамскай вайны. Што сталася з тымі людзьмі, якім Афіна сярод тропікаў нагадвала аб радзіме, цывілізацыі і «місіі белага чалавека» – наўрад ці хто ўжо распавядзе. Сімвалічна, што на шчыце таннай гіпсавай копіі з антычнай Афіны выяўлена менавіта змяя.

 

– Згодна паданню, Афіна замацавала на сваім шчыце галаву Медузы Гаргоны са змеепадобнымі валасамі, якую ёй падарыў Персей. З таго часу яе шчыт стаў непераможным і займеў назоў « э г і д а», адкуль і пайшоў устойлівы выраз «пад эгідай». Наш герой хіба што таксама знаходзіўся «пад эгідай», ратуючыся ад змеяў на чырвонай зямлі далёкай вулканічнай выспы.

 Фота аўтара