У Вільні прайшла акцыя за адмену візаў

Спачатку “падарожнік”, які рухаўся ў бок “Беларусі”, атрымоўваў пашпарт і бланк, які неабходна запоўніць перад пераездам мяжы.

 

Пасля трэба было пайсці ў кантору, дзе прадаюць страхоўкі. Страхоўку было атрымаць не цяжка, але калі трапляеш да памежніка і мытніка – пачынаюцца праблемы.

 

Арганізатары акцыі звярталі ўвагу на тое, што трэба памятаць пра свае правы, калі, напрыклад, памежнік просіць адчыніць кампутар і паказаць змест дакумантаў у ім.

 

Пасля доўгіх размоваў на “мяжы”, на выхадзе ўдзельнікаў акцыі сустракалі аператар і журналістка, якія прасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі наконт карысці гэтай акцыі і перспектывы стварэння безвізавага рэжыму паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюзу.

 

Кожны, хто змог прайсці “мяжу” (а была рызыка застацца на “літоўскім баку”) атрымаў кашульку кампаніі “Без Візы”.

 

Была таксама магчымасць падпісацца пад зваротам да ўладаў пра адмену візаў.

 

На руку кожнаму ўдзельніку паставілі штамп кампаніі.

 

У гэты ж дзень была адкрытая інсталяцыя “Стагоддзямі разам, а цяпер…”, што сімвалізуе бар’еры між Беларуссю і Літвой.

 

А ўвечары ўсе ахвотныя маглі наведаць канцэрт беларуса літоўскага паходжання Марка Палубенкі, арганізаваны ў падтрымку акцыі.

 

Арганізатарамі акцыі ў межах грамадзянскай кампаніі “БЕЗ ВІЗЫ!” былі асацыяцыя “BelarusWatch” і “StudAlliance”.

 

Удзельнікі кампаніі патрабуюць ад ўладаў Беларусі і Еўрасаюзу адмены візавага рэжыму дзеля аблягчэння кантактаў паміж людзьмі.

 

Фота з сайта “Еўропа без візавых межаў”