Новы Свет траціць яшчэ адзін будынак
Руйнуюць дом Беклямішава па вул.Астроўскага, 15. Большасці гарадзенцаў ён знаёмы як колішняе аддзяленне эндакрыналогіі.
Загінула яшчэ адна турыстычная надзея Гродна.
Гісторык Андрэй Вашкевіч:
– Фактычна паўтарылася сітуацыя як 6 гадоў таму з “Гарачым хлебам”, нават у дэталях: просьба аб уключэнні дома ў спіс помнікаў была праігнаравана.
align=”left” alt=”Image 21690″ >
Я лічу гэта катастрофай.
Гэта быў адзін з самых прывабных будынкаў у раёне Новага Свету.
Праз некалькі год паказваць тут ужо не будзе чаго.
Мы ўвесь час чакалі рашэння аб унясенні дома ў спіс помнікаў.
Цімафей Акудовіч, прадстаўнік грамадскай арганізацыі “Беларускі камітэт ІКАМОС”:
–Гродзенскія гісторыкі сабралі матэрыял па гэтым будынку, а мы аформілі яго ў выглядзе заяўкі і падалі ва Упраўленне па ахове помнікаў (структуру ў Міністэрстве культуры).
Гэта было напрыканцы мінулай восені.
Ведаю, што да гэтай пары пытанне не выносілася на разгляд рады.
Відавочна, сітуацыя няправільная.
Паспрабую заўтра звязацца з Міністэрствам.
За апошні тыдзень Новы Свет, за захаванне якога не першы год змагаюцца гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы, страціў адразу некалькі будынкаў.
8-га траўня знесены дом па вул. Дзяржынскага, 20, які вядзе пачатак сваёй гісторыі яшчэ з 1905 года.
10 траўня пачаўся знос «гусарскага дома».
Дом па вуліцы Астроўскага 15 пабудаваны прадстаўніком паважанага роду Беклямішавых. Паспяховы доктар пабудаваў сабе сядзібу ў сярэдзіне 30-ых гадоў. А ў красавіку 1940-га доктара арыштавалі органы НКУС і выслалі ў Казахстан. Пра яго лёс нічога невядома.
Праз год у дома з’явіўся новы гаспадар – унтэрштурмфюрэр СС Эрых Шот.
У 44-ым годзе ён паспеў збегчы, а сядзібу да прыходу савецкіх салдат разрабавалі.
Так выглядаў знішчаны дом у 2009 годзе
Здымкі з архіву Андрэя Вашкевіча